У фінале міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне‑2009» ураджэнец Беларусі Аляксандр Рыбак, які прадстаўляе Нарвегію, выступіць пад 20‑м нумарам.
Такі вынік лёсавання, якое прайшло падчас прэс‑канферэнцыі пераможцаў другога паўфіналу.
Паводле слоў выканаўцы,
гэта шчаслівая для яго лічба, таму ён вельмі рады.
Згодна з рэгламентам прэс‑канферэнцыі, кожнаму артысту можна было задаць два пытанні. Атрымаўшы права задаць першае пытанне, Першы музычны канал (Беларусь) перадаў А.Рыбаку дыск з відэавіншаваннем з днём нараджэння, які запісала яго бабуля, што жыве ў Беларусі (13 мая спеваку споўнілася 23 гады).
Другое пытанне задала МузТВ (Расія): ці свабоднае сэрца артыста і якім дзяўчатам ён аддае перавагу. «Сэрца свабоднае. Паклонніц у мяне шмат, таму ёсць з каго выбіраць. Аддаю перавагу рускім дзяўчатам», — адказаў выканаўца.
Фінал «Еўрабачання‑2009» адбудзецца 16 мая.
У ім возьмуць удзел прадстаўнікі 25 краін:
Турцыі, Швецыі, Ізраіля, Партугаліі, Мальты, Фінляндыі, Босніі і Герцагавіны, Румыніі, Арменіі, Ісландыі, Азербайджана, Харватыі, Украіны, Літвы, Албаніі, Малдовы, Даніі, Эстоніі, Нарвегіі, Грэцыі, Францыі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Германіі і Расіі.
Пачатак у 22:00
Не прайшлі ў фінал Беларусь (Пётр Ялфімаў), Чарнагорыя, Чэхія, Бельгія, Андора, Швейцарыя, Балгарыя, Македонія, Ірландыя, Латвія, Сербія, Польшча, Кіпр, Славакія, Славенія, Венгрыя і Нідэрланды.