Затрыманне 14 ліпеня на Нямізе Антона Лакішыка ў белай кофце. Заламаўшы Антону руку, справа яго вядзе амапавец Яўген Дудкін — у судзе пацярпелы. Фота: spring96.org

Затрыманне 14 ліпеня на Нямізе Антона Лакішыка ў белай кофце. Заламаўшы Антону руку, справа яго вядзе амапавец Яўген Дудкін — у судзе пацярпелы. Фота: spring96.org

Суд Цэнтральнага раёна 17 лістапада асудзіў 21-гадовага тэхніка Антона Лакішыка за напад на амапаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе да трох гадоў калоніі. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала мінчаніна вінаватым па артыкуле 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа), паведамляе spring96.org.

Нягледзячы на тое, што супрацоўнік мінскага АМАПа пасля патасоўкі з Антонам не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы, яму кампенсаваная маральная шкода ў тысячу рублёў, хлопец цалкам прызнаў сваю віну, яму прызначылі тое пакаранне, якое прасіў пракурор.

Хлопец уступіў у патасоўку з амапаўцам, калі тыя пачалі выхопліваць і затрымліваць пратэстоўцаў, што сталі ў счэпку. Антона Лакішыка арыштавалі ў зале суда.

21-гадовага Антона Лакішыка затрымалі 14 ліпеня каля метро «Няміга». У той вечар мінчукі выйшлі на стыхійныя акцыі ў знак пратэсту супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. У некаторых пунктах горада назіраліся жорсткія сутыкненні з сілавікамі.

У той вечар Антона пратрымалі некалькі гадзін у РУУС Цэнтральнага раёна і адпусцілі. На яго склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Суд над ім павінен быў пачацца 28 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, але ён быў перанесены на нявызначаны тэрмін. На хлопца распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса.

Антона паўторна затрымалі 23 ліпеня на працы, толькі ўжо ў межах крымінальнай справы. Адразу абралі меру стрымання — утрыманне пад вартай. 21-гадовы хлопец прабыў у СІЗА №1 у Мінску каля двух месяцаў — да 8 верасня. Антона выпусцілі на волю, змяніўшы яму стрымання на падпіску аб нявыездзе. У суд Антон прыходзіў самастойна.

Што было на судзе?

Супрацоўнік АМАПа Яўген Дудкін на судзе адзначыў, што фізічных пакут ён не панёс, цялесных пашкоджанняў не было, у медыцынскую ўстанову не звяртаўся ў сувязі з нязначнасцю гэтых пашкоджанняў. Пры гэтым свае маральныя пакуты ад гэтых удараў ацаніў у 1000 рублёў. 

Антон у судзе цалкам прызнаў віну і ўжо паспеў пакрыць маральную шкоду супрацоўніку АМАПа — 1000 рублёў, каб змякчыць пакаранне. 

На судзе Антон Лакішык патлумачыў, што ў самым несанкцыянаваным мерапрыемстве 14 ліпеня ўдзел не прымаў, а назіраў з боку. Ён бачыў, як да ўдзельнікаў акцыі пратэсту падышлі супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго першыя пачалі ўставаць у счэпку, а сілавікі пачалі іх затрымліваць, у тым ліку з ужываннем сілы.

На судовым працэсе Антон Лакішык адзначыў, што знаходзіўся ў той момант у стане вельмі моцнага хвалявання, «гэтыя падзеі яго абурылі». Ён пачуў, як у натоўпе нехта крыкнуў «Наперад!» — Антон успрыняў гэта як заклік да наступу да супрацоўнікаў міліцыі. Са слоў Антона, ён паддаўся эмацыйнаму парыву і хацеў дапамагчы пратэстоўцу, якога пачалі затрымліваць. Ён штурхнуў супрацоўніка АМАПа ў спіну, ударыў яго нагой у правую нагу і рукой у грудзі. Пасля гэтага да Антона Лакішыка «была ўжытая фізічная сіла і ён быў затрыманы».

Да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці 21-гадовы хлопец раней не прыцягваўся. Пры гэтым дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суддзю пакараць Антона Лакішыка па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса трыма гадамі пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Сам Антон, яго блізкія і абарона хлопца былі шакаваныя такой суровай прапановай пракурора, улічваючы названыя змякчальныя абставіны. Сам пацярпелы супрацоўнік АМАПа згаджаўся з абаронцай у судзе, якая хадайнічала вызваліць Антона ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем яго да адміністрацыйнай адказнасці. У судовых спрэчках пацярпелы супрацоўнік АМАПа Яўген Дудкін адзначыў, што «асабіста ў яго да Лакішыка непрыязнасці няма, ён выконваў сваю працу». Прасіў суд пакараць Антона на «яго меркаванне», але папрасіў пры прызначэнні пакарання Антону «ўлічыць узрост і ўплыў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў».

Суддзя Вікторыя Шабуня не ўлічыла пажаданні нават пацярпелага амапаўца і пакарала яго так, як прасіў пракурор. Суд Цэнтральнага раёна асудзіў Антона Лакішыка 18 лістапада да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0