Удзельнікі галадоўкі салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам спынілі акцыю.

Такое рашэнне яны прынялі 15 мая пасля звароту да іх беларускіх палітыкаў — аднаго з лідэраў незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца, кіраўніка Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, лідэра руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча, а таксама Мікалая Статкевіча і Вячаслава Сіўчыка.

Паводле апошніх звестак, у галадоўцы ўдзельнічалі 32 чалавекі. З іх па стане на 15 мая пяцёра галадалі ў офісе Партыі БНФ у Мінску.

Звяртаючыся да маладых людзей падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла ўвечары 15 мая ва ўправе Партыі БНФ, палітыкі заявілі, што асноўная задача галадоўкі салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі — прыцягненне ўвагі да іх лёсу — выканана.

Яны зазначылі, што зараз да лёсу Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі прыцягнута ўвага і сусветнай грамадскасці. У прыватнасці, Аляксандр Мілінкевіч паведаміў, што нядаўна сустракаўся з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса ў Беларусі. "Ім ужо не трэба тлумачыць, што такое "справа Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі", — сказаў ён. — Таму цяпер мы заклікаем маладых людзей спыніць галадоўку. Са свайго боку заяўляем, што зробім па дыпламатычных каналах усё магчымае, каб увага да справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў не слабела".

Як раней паведамляў БелаПАН,

4 мая шэраг палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі аб'явілі бестэрміновую галадоўку ў падтрымку затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў сталічным СІЗА № 1.

Удзельнікі галадоўкі патрабавалі зняць абвінавачанні з Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі, неадкладна вызваліць іх, а таксама рэабілітаваць усіх палітзняволеных у краіне і спыніць пераслед грамадзян паводле палітычных матываў.

Мікалай Аўтуховіч абвясціў галадоўку 16 красавіка. Ён патрабуе ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным па гэтай справе меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыездзе. Паводле звестак БелаПАН, Аўтуховіч працягвае галадоўку.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0