Споўніўся месяц з пачатку галадоўкі ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Ён утрымліваецца пад вартай больш за тры месяцы, аб'явіў галадоўку 16 красавіка.
Аўтуховіч патрабуе ў самыя кароткія тэрміны перадаць справу ў суд або змяніць усім падследным па гэтай справе меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

Актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманы 8 лютага. Санкцыю на затрыманне даў пракурор Гродзенскай вобласці. 18 лютага ўсім тром было выстаўлена абвінавачанне на падставе арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

Аўтуховіч, у мінулым афганец і паспяховы бізнэсовец, упершыню быў зняволены ў 2006 годзе. выйшаў з турмы ў ліку іншых палітвязняў пад ціскам Еўрасаюзу.
Яго пасадзілі на тры з паловай гады, абвінаваціўшы ў няўплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Яны прызнанымі былі вязнямі сумлення, а на волю выйшлі ў студзені 2008 году.

Аўтуховіч быў папулярны ў сябе ў Ваўкавыску. Паводле вынікаў незалежнага экзыт‑полу на выбарах 2004 году ён перамагаў па Ваўкавыскай акрузе.

На гэты раз Аўтуховіча з таварышамі затрымалі па падазрэнні ў падпале дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы ў 2004 годзе. Кацуба, які цяпер працуе ў Ваўкавыскай друкарні, на сустрэчы са сваякамі затрыманых заявіў, што не мае да іх ніякіх прэтэнзій, справа аб падпале даўно закрыта, а чалавек, вінаваты ў падпале, адбывае пакаранне.

Следства па справе Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі неаднаразова прадаўжалася, апошні раз — да 3 чэрвеня.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітзняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі судзімы і прызнаны міжнароднай грамадскасцю вязнямі сумлення.

4 мая ў знак салідарнасці з Аўтуховічам шэраг грамадскіх і палітычных дзеячаў на чале з актывістамі «Маладога фронту» аб`явілі калектыўную галадоўку. Маладыя людзі спынілі галадоўку 15 мая пасля абяцання палітычных лідэраў інтэнсіфікаваць палітычнае змаганне за вызваленне Аўтуховіча.

Сам Аўтуховіч працягвае галадаць. Паводле інфармацыі праваабаронцы Алега Волчака, практычна ніякіх следчых дзеянняў з удзелам затрыманага не вядзецца. Ён па‑ранейшаму знаходзіцца ў медыцынскай часці следчага ізалятара № 1 Мінска.

Справа, якую першапачаткова вёў гродзенскі следчы Віталь Кухарчык, перададзена мінскаму следчаму, начальніку ўпраўлення па раскрыцці асабліва цяжкіх злачынстваў мінулых гадоў пры МУС Беларусі Віктару Клачко, — сказаў Волчак.

Ён таксама паведаміў, што гэты следчы вядзе справу нейкага Ларына, які абвінавачваецца на падставе арт. 295, ч. 2 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і арт. 339, ч. 3 (хуліганства) КК. Ларына затрымалі па падазрэнні ў захоўванні гранатамёта і самаробнай выбуховая прылады, якія былі знойдзены ў кастрычніку 2005 года ў Гродне на тэрыторыі школы‑ліцэя № 1.

Звяртае ўвагу, што справа вядзецца ў закрытым рэжыме, нягледзячы на палітычны рэзананс вакол яе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?