Беларусь "занадта доўга рыхтуецца" да прызнання незалежнасці Абхазіі.

Такую заяву агучыў спікер Дзярждумы Расіі Барыс Грызлоў 18 мая на брыфінгу ў Сухумі, паведамляе афіцыйны сайт прэзідэнта Абхазіі.

Паводле слоў Грызлова, ужо зроблены "пэўныя захады на парламенцкім узроўні, і дэлегацыі парламента Рэспублікі Абхазія нададзены статус пастаяннага назіральніка ў парламенцкім сходзе Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі". Спікер Дзярждумы таксама зазначыў, што абхазская дэлегацыя ўжо ўдзельнічала ў працы другой сесіі, прычым "не толькі назірала, але і раілася, кансультавалася".

"Рашэнне пытання ў першую чаргу залежыць ад прызнання Абхазіі з боку другой саюзнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь.

Я гутарыў з калегамі з беларускага парламента, яны гатовы разгледзець гэтае пытанне.

І прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка казаў, што, безумоўна, прызнанне будзе. Але мне здаецца, што Беларусь занадта доўга рыхтуецца да гэтага пытання", — заявіў Грызлоў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ніхто не павінен падштурхоўваць Беларусь да такога кроку. "Мы чакаем гэтага кроку з боку Рэспублікі Беларусь, а далей — гэта ўжо справа Рэспублікі Беларусь і яе грамадзян. Тут ніхто нікога прымушаць не можа", — заявіў Грызлоў.

Падчас візіту ў Абхазію Грызлова суправаджалі старшыні камітэтаў Дзярждумы Расіі, а таксама адказны сакратар Парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі Сяргей Стрэльчанка.

Нагадаем, 12—13 мая ў Абхазіі з візітам знаходзілася беларуская дэлегацыя на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем. Дэлегацыю прыняў прэзідэнт Абхазіі Сяргей Багапш. Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта Абхазіі, падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах. У Адміністрацыі прэзідэнта і МЗС Беларусі гэты візіт не каментавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?