— Яшчэ летась у снежнi я мог прадаць сваю стандартную двухпакаёвую кватэру ў Шабанах прыкладна за 75 тысяч долараў, а цяпер яе "чырвоны кошт" складае каля 53 тысяч "зялёных",

— падзялiўся з газетай сваiмi разважаннямi Аляксандр з Мiнска. — Калi ж адбудзецца спыненне абвалу цэнаў на сталiчную нерухомасць?"

Тэмпы патаннення пачалi знiжацца

Паводле iнфармацыi экспертаў жыллёвай нерухомасцi, за першыя тры месяцы года цэны на другасным рынку кватэр у Мiнску знiзiлiся прыкладна на 20 працэнтаў. Разам з тым, сёння падлiчана, што ў красавiку кватэры патаннелi толькi на 3,5 працэнта.

Сама моцна кошт кватэр абвальваўся ў сакавiку i пачатку красавiка, калi квадратны метр жылля таннеў на 25—30 даляраў штотыднёва.

Кiраўнiк агенцтва "БелТЦН", старшыня савета Беларускай асацыяцыi "Нерухомасць" Мiкалай Прасталупаў адзначае, што сёння цэны на другасным рынку сталiчных кватэр пачынаюць пакрысе стабiлiзавацца, бо знiжэнне кошту квадратнага метра складае толькi 5—8 даляраў за тыдзень. Мацней за ўсё працягваюць таннець цяпер вялiкiя па плошчы шматпакаёвыя кватэры. Так, квадратны метр трох- i чатырохпакаёвых кватэр i цяпер працягвае таннець тэмпам у сярэднiм ад 13 да 23 даляраў за тыдзень.

Пакупнiкi шукаюць танныя кватэры

Мiкалай Прасталупаў адзначыў на рынку новую тэндэнцыю, калi на фоне замаруджвання тэмпаў падзення цэнаў на кватэры, патэнцыяльныя пакупнiкi пачалi больш актыўна цiкавiцца жыллём. У вынiку ў красавiку ў сталiцы было зарэгiстравана больш за 700 здзелак куплi-продажу жыллёвай нерухомасцi.

Паводле статыстыкi iнфармацыйнага каталога рэспублiканскага выдання "Нерухомасць Беларусi", сярэднi кошт квадратнага метра прапановы аднапакаёвых кватэр складае каля 1505 даляраў, двухпакаёвых — 1480, трохпакаёвых кватэр — 1470 даляраў.

Разам з тым, Мiкалай Прасталупаў адзначае, што па такiм кошце кватэры прадаюцца толькi ў сапраўды лiквiдных пунктах сталiцы.

Сёння рэальна набыць стандартную аднапакаёвую кватэру ў спальных раёнах Мiнска, калi квадратны метр агульнай плошчы такога жылля будзе каштаваць каля 1350 даляраў.
Цяпер невялiкiя аднапакаёвыя кватэры на крайнiх паверхах нават дзевяцiпавярховых дамоў прапануюцца за 42—43 тысячы даляраў. У маi на рынку Мiнска з'явiлiся i зусiм маленькiя па плошчы аднапакаёвыя "хрушчоўкi" (29—32 кв. м) па кошце ад 39 да 42 тысяч даляраў. Асноўны цэннiк стандартных аднапакаёвых кватэр знаходзiцца ў межах ад 43 да 53 тысяч долараў.

Здзелкi па куплi-продажу двухпакаёвых i шматпакаёвых кватэр рэальна ажыццяўляюцца ў тых выпадках, калi кошт квадратнага метра жылля прапануецца на ўзроўнi 1200—1300 даляраў. У спецыялiзаваных iнфармацыйных каталогах з'явiлiся невялiкiя двухпакаёвыя кватэры агульнай плошчай да 46 квадратных метраў у старых пяцiпавярховых дамах па кошце ад 48 да 53 тысяч даляраў.

Нават у лiквiдных спальных раёнах усё часцей стандартныя двухпакаёвыя кватэры прапануюцца па кошце ад 55 да 65 тысяч даляраў. Даражэйшае жыллё сёння попытам амаль не карыстаецца.

Патэнцыяльных пакупнiкоў кватэр "адбiрае" долевае будаўнiцтва

У апошнiя тры месяцы на сталiчным рынку жылля працягваецца пашырэнне прапаноў па лiнii долевага будаўнiцтва. Падчас фiнансавай нестабiльнасцi ў будучых дольнiкаў iснавалi апасеннi, што долевае будаўнiцтва можа быць замарожана, калi ў часткi малазабяспечаных клiентаў будуць цяжкасцi з фiнансаваннем.

Каб пэўным чынам актывiзаваць долевае будаўнiцтва ў галоўным мегаполiсе краiны, кiраўнiцтва Мiнгарвыканкама яшчэ ў сакавiку падрыхтавала рашэнне № 101, згодна з якiм клiентам, што заключылi з будтрэстамi дагавор долевага будаўнiцтва, давалася магчымасць выкарыстоўваць на гэтыя мэты льготныя крэдыты пад 5 працэнтаў гадавых на 20 гадоў. Да апошняга часу такiя крэдыты дольнiкам не выдавалiся, бо вышэйназванае рашэнне сталiчных уладаў не ў поўнай меры стасавалася з нормамi Указа кiраўнiка дзяржавы № 185 "Аб выдзяленнi грамадзянам iльготных крэдытаў на будаўнiцтва цi набыццё жылля". Неўзабаве льготныя крэдыты на будаўнiцтва жылля дольнiкi пачалi атрымлiваць ужо ў першай дэкадзе мая, калi гэтыя спрэчныя моманты былi разгледжаны спецыялiстамi Нацыянальнага банка краiны.

Сёння будаўнiчыя арганiзацыi прапаноўваюць сваiм клiентам заключаць дагаворы долевага будаўнiцтва, дзе квадратны метр кватэр будзе каштаваць для дольнiкаў ад 1100 да 1500 даляраў.

Вiдавочна, што пры такiм раскладзе цэнаў патэнцыяльныя клiенты агенцтваў нерухомасцi ўсё часцей разглядаюць варыянты долевага будаўнiцтва або набыцця жылля ў новабудоўлях. Гэту тэндэнцыю пацвярджаюць i апошнiя жыллёвыя аўкцыёны, на якiх МАПIД прадаваў свае новыя кватэры. Нагадаю, што ў апошнi дзень красавiка i ў маi УП "Мiнскi гарадскi цэнтр нерухомасцi" сумесна з ААТ "МАПIД" прадавалi кватэры без апрацоўкi ў панэльных дамах па кошце квадратнага метра жылля крыху больш за тысячу долараў. Спецыялiсты рынку нерухомасцi ўпэўнены, што менавiта на аўкцыённыя цэны кватэр, з цягам часу, будуць раўняцца амаль усе ўдзельнiкi другаснага рынку жылля.

Патанненне працягнецца мiнiмум да восенi

Сёлета ў сталiцы плануецца пабудаваць каля 20 тысяч кватэр, з якiх больш за 75 працэнтаў жылля будзе прапаноўвацца для асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў. Разам з тым, сёння ў жыллёвых чэргах сталiцы стаiць больш за 240 тысяч грамадзян i сем'яў. Вiдавочна, што разлiчваць на новую кватэру ў найблiжэйшыя гады змогуць далёка не ўсе "чаргавiкi".

З iншага боку, сёння на другасным рынку сталiчных кватэр у свабодным продажы знаходзiцца ўжо больш за 10 тысяч кватэр, попыт на большасць з якiх мiнiмальны. Улiчваючы гэтую акалiчнасць, Мiкалай Прасталупаў прагназуе, што на працягу летнiх месяцаў "мёртвага" рынкавага сезона сталiчныя кватэры будуць i надалей таннець невялiкiмi тэмпамi. Як будуць сябе паводзiць цэны на жыллё восенню, будзе залежаць ад многiх фактараў. У першую чаргу — ад агульнай эканамiчнай сiтуацыi ў свеце i ў нашай краiне, ад кошту крэдытаў для насельнiцтва i сабекошту будаўнiцтва жылля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?