Партыя БНФ не мае запазычанасці па арэндзе офіса,
паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі партыі Вадзім Канапацкі.

13 красавіка ў офіс партыі паступіў ліст з ЖРЭА Савецкага раёна Мінска. У ім паведамлялася, што тэрмін арэнды заканчваецца 8 ліпеня 2009 года і працягвацца не будзе. ЖРЭА сцвярджала, што арандатар "сістэматычна парушае ўмовы дагавора: аплата паступае несвоечасова і не ў поўным аб'ёме, у выніку чаго на пачатак красавіка ўтварылася запазычанасць у суме 6 млн. 381 тыс. 396 рублёў".

У лісце прапаноўвалася да 17 красавіка пагасіць запазычанасць, а таксама вызваліць памяшканне пасля заканчэння тэрміну дзеяння дагавора. У адваротным выпадку ЖРЭА мела намер звярнуцца ў гаспадарчы суд з іскам аб высяленні.

"Запазычанасць узнікла з-за тэхнічнай памылкі. Цяпер яна ліквідаваная, — паведаміў В.Канапацкі.

— У ЖРЭА нам паведамілі, што больш прэтэнзій да нас не маюць".

Паводле слоў члена Партыі БНФ, ЖРЭА не мае намераў патрабаваць вызвалення арандаванага памяшкання.

"Як паведамілі нам супрацоўнікі камунальных служб, намераў высяляць нас з офіса не было раней, проста тэкст прэтэнзіі складаў не дастаткова вопытны юрыст", — сказаў В.Канапацкі. У той жа час "у пісьмовай форме адмовы ад прэтэнзій партыя не атрымлівала".

В.Канапацкі таксама падкрэсліў, што "цяпер партыя кожны месяц сутыкаецца з галаўным болем, дзе знайсці неабходную суму для аплаты арэнды памяшкання". Такая сітуацыя ўзнікла пасля адмены паніжальнага каэфіцыента для партый і грамадскіх арганізацый пры арэндзе імі памяшкання, у выніку чаго арэндныя стаўкі павялічыліся ў дзесяць разоў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0