Расія — асноўны гандлёвы партнёр Беларусі — стала лідэрам сярод краін «Вялікай васьмёркі» (G8) па тэмпах падзення ВУП у першым квартале гэтага года.
Пра гэта сведчаць публікацыі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD), а таксама дадзеныя нацыянальных статыстычных служб краін‑чальцоў «васьмёркі».
Падзенне расійскага ВУП у 1‑м квартале дасягнула 9,5%.
Другой па тэмпах падзення эканомікі сярод краін «Вялікай сямёркі» стала Нямеччына, ВУП якой у параўнанні з першым кварталам мінулага году паменшыўся на 6,9%. Далей ідуць Італія, Вялікабрытанія і Францыя. А вось эканоміка Кітая за гэты самы перыяд вырасла на 6,1%.
Адмоўная дынаміка ВУП у гэтых краінах з’яўляецца вынікам скарачэння прамысловай вытворчасці на якое паўплывалі нізкі попыт на ўнутраным і знешнім рынках. У Расіі вытворчасць у 1‑м квартале 2009 года знізілася на 14,3%. У свеце лідэрам па тэмпах падзення з’яўляецца Японія — 32,9%.