Для таго, каму грымотныя рыфы і гамана Bela Music-09 не ў кайф, каго вольнае паветра вялікага канцэрту ўжо не торкае, і хто перакананы, што час ракэнрольных герояў мінуўся, у канцы вясны той мае нагоду патрапіць на шоў для душы - адведаць кампактны зборны канцэрт “Лета-Party”, у якім зайграюць гурты, якія ў сваёй музыцы спалучаюць усё-усялякае: ад шансона, клейзмера, цыганскіх аркестраў да рока і рэгей.

1.Партыя Лета

Сёння на нашай сцэне, у эру пост-усяго з’явілася цэлая фракцыя гуртоў, да якой акрамя ўдзельнікаў канцэрту( “Маланка-Orchestra”, “Босае сонца”, The Unlimited Trio, Recha) пэўна, можна занесці яшчэ і групу “Жаба ў каляіне”. Назавем іх Партыяй Лета. Уступіць у тую партыю (не)скаладана. Па-першае, мусіш мець не абы якую музычную адукацыю: трэба віртуозна граць на скрыпцы, класічнай гітары, духавых або на цымбалах ды спяваць пастаўленным голасам. Па-другое, мусіш мець мысленне міксера – пастаянна мяшаць усё стылі: ска, пост-панк, лацінаамерыкаскія матывы і нават уцёсаўскі джаз мала не ў адной мелодыі. Андрэй Зайцаў, лідэр гутра “Босае сонца”: “Амаль усе ў нас - удзельнікі розных класічных конкурсаў, але ва ўласнай творчасці мы не абмяжоўваемся адным акрэслым накірункам - бярэм ўзяць лепшае ад усіх стыляў”.

2.Песні барадатых геолагаў

Па-трэцяе, словы, не дужа абцяжараныя пасылам: засмучаная каханне, летнія імпрэсіі і рамантыка 30-60-х: авіятары, геолагі і палярнікі. Нават беларуская мова ў летаўцаў – не пратэст, не пазіцыя, як тое было з рок-гуртамі 90-х, а чарговы інструмент. Публіку музыканты чапляюць абсурдызмам тэкстаў, агульнай настраёвасцю і амаль абсалютнай адсутнасцю позы рок-герояў. Як бы кажуць “Ат, не бярыце вы нічога да галавы, нават нашых песняў”.

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная Лета-party, што адбылася надоечы ў Пушкінскай бібліятэкі, была адно нагодай для ўдзельнкаў будучага канцэрту прадэманстраваць палітыку партыі: павесяліць публіку, зайграўшы па некалькі песняў.

Такім парадкам, 30 траўня, Моладзевы тэатр эстрады (Маскоўская, 18): Музычны сонечны праект (у суправаждэнні акцёркага шоў) “Лета-party”. Удзел бяруць гурты: “Маланка-Orchestra”, “Босае сонца”, The Unlimited Trio, Recha. Моладзі і замежнікам падабаецца. Прыходзьце - будзе, м-м, альтэрнатыўненька. Дарэчы, адмыслова да канцэрту вышла CD-кружэлка з песнямі ўдзельнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?