Выстаўка, што адкрылася у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва – гэта сапраўдная падзея ў мастацкім жыцці Мінска. Яна знаёміць нас з творчасцю двух выдатных майстроў сучаснага польскага мастацтва – Рамана Каларуса і Іаанны Пех.

Раман Каларус – адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў славутай школы польскага плаката, якая ўваходзіць у «вышэйшую лігу сусветнага плаката». Мастацкі плакат – люстраны адбітак эпохі. На прыкладзе аўтарскага стылю Каларуса можна акрэсліць асноўныя асаблівасці самой польскай школы – адкрытасць чыстых колераў, выразнасць ліній, канструяванне выяў «на грані фолу», калі эратычную раскаванасць ратуе ад пошласці хіба што вытанчаны досціп мастацкага рашэння.

Плакаты Каларуса шакіруюць нас надзвычайнай насычанасцю колераў, дзіўным спалучэннем сакавітага фіялетавага, аранжавага, чырвонага, зялёнага смарагду, кобальту.

Кожны з іх быццам экзатычны матылёк, што на імгненне прыляпіўся да сцяны галерэі і вось‑вось пырхне далей і нам, выпадковым сведкам, трэба спяшацца злавіць і захаваць у памяці яго яркі вобраз.

Яанна Пех стварае на белай паверхні аркуша сапраўдную паэзію графікі. Яе лінарыты – фантастычна складаная сумесью адценняў і форм, самых тонкіх срэбных пераліваў і чарноты патаўшчэнняў ліній. Гэта і аўтарская споведзь, і апавяданне пра нашае блуканне ў сабе. Гэта празрыстая, вытанчаная сімфонія, напоўненая рафінаванай гульнёй нюансаў і моцнымі хрысціянскімі рэмінісцэнцыямі. Гэта эфемерныя галасы памяці, гэта «шэпты і крыкі» чалавечай душы.

Лінарыты Іаанны Пех нельга назваць проста «тэхнічна дасканалымі». Гэта «вышэйшы пілатаж» майстэрства графіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?