4 ліпеня ў Віцебску адбылося першае судовае паседжаньне паводле позвы да незалежнай газэты «Витебский куръер». Віцебскі прадпрымальнік Аляксандар Данілаў палічыў, што надрукаваны ў газэце артыкул нашкодзіў рэпутацыі яго бізнэсу. У тым артыкуле вялося пра адвод зямельнай плошчы на пабудову забаўляльнага комплексу. Будаўніцтва можа часткова закрануць плошчу Свабоды і парк імя Фрунзэ. Паводле аўтара артыкулу, вырашэньне зямельнага пытаньня на карысьць Данілава адбылося без уліку грамадзкай думкі, правядзеньня гарадзкога конкурсу і абвяшчэньня тэндэру. Паводле яго меркаваньня, прадпрымальнік мае сувязі ў выканкаме, якія і скарыстаў для вырашэньня свайго пытаньня.

Рэдактар «ВК» Уладзімер Базан перадаў у суд копію ліста з Акадэміі навук, у якім гаворыцца пра незаконнасьць рашэньня віцебскага гарвыканкаму наконт адводу зямлі. На тым месцы знаходзяцца падмуркі Сьвята-Нікольскай катэдры, яшчэ раней там месьцілася царква Параскевы Пятніцы. Аднак судзьдзя зьвярнула ўвагу на тое, што копія ліста юрыдычна не завераная і прызначыла другое слуханьне на 26 ліпеня.

Прадпрымальнік Данілаў, у мінулым інструктар абкаму партыі, займаецца здачай у арэнду памяшканьняў, яго жонка валодае турыстычнай фірмай.

Справа нагадвае рымэйк колішняга ціску на газэту «Народная воля» з дапамогай вытворцы сподняга Сяргея Атрошчанкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?