Апошнім часам актывізаваўся былы міністр замежных справаў, а за Лукашэнкам — пасол Беларусі ў Японіі Пятро Краўчанка.

Прычым звон пра яго даходзіць з розных партый. Спачатку з БСДП, потым — з БНФ. У абодвух выпадках гаворкі вядуцца пра тое, што Краўчанка хоча ўзначаліць гэтыя структуры.

Кіраўніцтва сацыял‑дэмакратаў прызнае, што Пётр Кузьміч меў у рэгіёнах некалькіх сустрэчаў з актывістамі партыі. Партыя і людзі Краўчанку патрэбныя для ўдзелу ў наступных прэзідэнцкіх выбарах.

Нам атрымалася датэлефанавацца да Пятра Краўчанкі:

«Прабачце, але я гэта ніяк не каментую. Палітыкай я не займаюся». — «А чым займаецеся, бо апошнім часам ваша імя нідзе не фігуруе?» — «Я не буду адказваць на гэтае пытанне».

Пётр Краўчанка быў першым міністрам замежных справаў пасля здабыцця незалежнасці. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Ад 1998 па 2002 гады з’яўляўся паслом Беларусі ў Японіі.

Пасля пакідання дыпламатычнай пасады пэўны час працаваў эканамічным кансультантам у Маскве, пасля перайшоў на выкладчыцкую дзейнасць у Беларусі. Прозвішча Краўчанкі называлася часам і ў пераліках патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары ‑2006. Тады на фінішную прамую палітык не пайшоў.

Зміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0