Міністэрства фінансаў ЗША прадоўжыла да 30 лістапада 2009 года рашэнне аб змякчэнні санкцый да двух беларускіх прадпрыемстваў — «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно», якія ўваходзяць у склад канцэрна «Белнафтахім».

Згодна з дакументам, апублікаваным на сайце Мінфіна ЗША, амерыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі прадпрыемствамі да 30 лістапада 2009 года. У той жа час уласнасць гэтых двух прадпрыемстваў застаецца заблакіраванай у адпаведнасці з урадавым распараджэннем № 13405. «Грамадзянам ЗША таксама забаронена праз або пры пасрэдніцтве прадпрыемстваў «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно» купляць прадукцыю, паслугі і тэхналогіі ў іншых суб’ектаў гаспадарання, унесеных у спіс», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

У лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Двухбаковыя адносіны пагоршыліся ў сакавіку 2008 года пасля таго, як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна (на той час апошняга з шасці прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволеных). Паслы Беларусі і ЗША былі адкліканыя з Вашынгтона і Мінска для кансультацый; штаты абодвух пасольстваў скарочаныя да мінімуму.

Уведзеныя санкцыі, у прыватнасці, прадугледжвалі замарожванне ўсіх банкаўскіх рахункаў канцэрна, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША, і яго прадстаўніцтваў у Германіі, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі «Белнафтахім Ю‑эс‑эй». Акрамя таго, амерыканскім бізнесменам прадпісвалася ўстрымацца ад кантактаў з канцэрнам.

У сакавіку 2008 года былі апублікаваныя ўдакладненні, згодна з якімі пад дзеянне санкцый траплялі прадпрыемствы, доля «Белнафтахіма» ў якіх складае 50% і больш.

5 верасня Мінфін ЗША на паўгода змякчыў эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно». У лютым 2009 года дзеянне гэтага рашэння было прадоўжана да 1 чэрвеня.

Прэс‑сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў на брыфінгу 21 мая заявіў, што Беларусь па‑ранейшаму гатовая да паляпшэння адносінаў з ЗША, «але не любой цаной».

Ён падкрэсліў, што эканамічныя санкцыі, уведзеныя ЗША да канцэрна «Белнафтахім», павінны быць адмененыя. «Упэўнены, што гэта адкрые для нас магчымасць пачаць новую старонку ў нашым дыялогу», — сказаў А.Папоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?