Грамадства

Жыццё ў жывым эфіры: адкрыты ліст да Кацярыны Андрэевай, журналісткі ў 3-м пакаленні, Сяргея Ваганава, журналіста ў 2-м пакаленні і дзеда…

Дарагая! Я пішу да цябе гэты ліст і праз няспынныя выбухі і страляніну зноў чую твой голас: «Мы ляжым на падлозе… яны страляюць… кідаюць гранаты… свецяць ліхтарыкамі па вокнах… людзі хаваюцца ў кватэрах… дзякуй гаспадарам…»

— Яна што, працягвала весці рэпартаж?! — здзівіўся адзін з нашых сяброў пасля словаў падтрымкі і спачування.

Толькі потым мы даведаліся, што граната выбухнула побач з табой…

Я пішу да цябе гэты ліст, чую твой голас праз няспынныя выбухі, страляніну, а перад вачыма высокі ўзгорак над Сораццю, прытокам ракі Вялікай, у пушкінскім Міхайлаўскім, і мой тата, твой прадзед, раптам кажа:

— Унь, бачыш той мост над Вялікай?..

Так, я бачыў той мост, бачу дасюль і не магу ўявіць сабе, як мой тата і твой прадзед, маленькі ростам, фізічна не вельмі моцны і, як мне здавалася, не асабліва храбры, прыняў, калі загінуў камбат, камандаванне на сябе:

— …мы адбілі тады 19 танкавых атак…

Мой тата і твой прадзед патрапіў у той батальён, каб напісаць пра жаўнераў, пра тое, як яны рыхтуюцца да наступу, бо на вайне і ваяваў, і быў журналістам. У нашым сямейным архіве захавалася цыдулка аднаго з жаўнераў з просьбай да капітана Пінхасіка прывезці як мага болей газет, бо не хапае паперы на самакруткі…

Я спытаў тады, над Сораццю, ці напісаў ён пра тыя атакі.

«Так, — адказаў тата, — напісаў… Але давялося перапісваць. Бо паперы патанулі ў Вялікай. Калі сам ледзь не патануў…»

Ён быў Журналістам, мой тата і твой прадзед.

Я пішу да цябе гэты ліст, сэрца захлынаецца любоўю, а ў скронях, нібы чарга з аўтамата, пульсуе крывёю пытанне: «Чаму?»

Чаму? Як так здарылася, што амаль праз стагоддзе ад той вайны праўнучка журналіста, каторы ваяваў з фашызмам, унучка журналіста, каторы пражыў у сваёй прафесіі адносна мірнае жыццё, зноў трапіла на вайну з фашызмам, мо нават куды больш мярзотную з ягонага боку, бо гэта вайна з уласным народам, які прагне Праўды, Жыцця і Свабоды.

Я пішу да цябе гэты ліст і адчуваю глыбокі сорам за тое, што маё пакаленне журналістаў не здолела прадухіліць наступ дзікунства.

Я пішу да цябе гэты ліст і адчуваю неймаверную цяжкасць, з якой твае бацькі, мы з бабуляй, цягам амаль усяго твайго жыцця ў журналістыцы намагаемся спалучыць гонар за цябе з неадчэпным хваляваннем за тваё здароўе. А з моманту, калі ты з’яднала сваё жыццё з Ігарам [палітолаг Ігар Ільяш], — і за яго, за вас, за вашу маладую сям’ю.

Ты памятаеш, як усе мы настойліва ўгаворвалі вас з’ехаць з краіны, пазбегнуць кратаў, якія з кожным тваім стрымам усё хутчэй набліжаліся да цябе, да вас. Мо зараз ты думаеш, што мы ў адчаі згрызаем локці, паўтараем пра сябе: «Як жа мы былі правы… мы ж гаварылі… прадбачылі… папярэджвалі…»

Не думай так. Бо калі мы ўбачылі і адчулі неймаверна вялікую хвалю салідарнасці з усімі кінутымі за краты журналістамі, з табой асабіста; калі мы ўбачылі, як ты, танюткая, бы сцяблінка, і не вельмі моцная на здароўе, трымаешся на гэтай вайне, мы пазбавіліся цалкам зразумелай і даравальнай родным людзям слабасці.

І сказалі сабе: мы не можам дазволіць сабе быць няроўнымі табе ў трыванні ўдараў лёсу, у разуменні тваёй адданасці прафесіі, якая ўласцівая кожнаму твайму кроку ў ёй.

Магчыма, ты асудзіш мяне, але я размаўляў са следчым па тваёй справе. Мяне цікавіла адно: якія менавіта дзеянні крымінальнага кшталту ты здзейсніла падчас стрыму з плошчы Пераменаў, то-бок выканання сваіх прафесійных абавязкаў… Ён адказаў, што не скажа, і ўсклікнуў: «Ды якая яна журналістка?!»

Мне стала і смешна, і горка. Я ведаў, канечне, стаўленне ўлады да журналістыкі, але ўпершыню сутыкнуўся з такім шчырым неразуменнем яе сутнасці. Без усялякіх хістанняў думкі яны лічаць журналістыку сферай абслугоўвання ўлады, а журналістаў — нанятымі яе абслугоўваць. Яны не разумеюць і ніколі не зразумеюць, што сапраўдная журналістыка, у адрозненне ад палітыкі, — ратавальная для чалавецтва прафесія.

Бо толькі праз журналістыку чалавецтва бачыць сваё жыццё непасрэдна ў наўпроставым эфіры і атрымлівае магчымасць супрацьстаяць Злу.

Ты не ўяўляеш сабе, якая колькасць сяброў, знаёмых і ўвогуле незнаёмых людзей з Беларусі і розных куткоў планеты выказваюць падтрымку табе, нам, усім тваім сябрам і калегам, якія кінуты за краты. Акрамя салідарнасці я чую ў гэтай хвалі прагу наўпроставага эфіру Праўды.

Прагу з’яўлення ў наўпроставым эфіры цябе, тваіх мужных сяброў і калег, журналістыкі, незалежнай ад нічога і нікога, акром Праўды.

Трымайся, дарагая!

Мы побач.

Мы разам…

***

Кацярына Андрэева была затрыманая 15 лістапада ў кватэры на «плошчы Перамен», дзе асвятляла акцыю пратэсту. 17 лістапада яна атрымала 7 сутак арышту па двух адміністрацыйных артыкулах. Але 20 лістапада стала вядома, што яна падазраваная па ч. 1 арт. 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Дзяўчыне абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на 2 месяцы — да 20 студзеня 2021 года. Кацярына знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне. 

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны11

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Усе навіны →
Усе навіны

Як мінімум 68 мігрантаў загінулі ля берагоў Емена ў выніку крушэння лодкі, дзясяткі зніклі без вестак3

Расія моцна пашкодзіла важны мост у Херсоне. Ці кажа гэта пра падрыхтоўку да дэсанту на правы бераг?2

Лукашысты вераць, што змогуць зняць санкцыі ні за што. Гэта рэальна?25

У Вільні ў смеццевым кантэйнеры непадалёк ад амбасады Расіі знайшлі часткі цела забітага падлетка8

Японцы з дапамогай 3D-друку пабудавалі дом з зямлі, а не бетону1

У Беларусі з'явілася вакансія з заробкам 33 тысячы рублёў. Каго шукаюць?1

У Празе на хакейным турніры на лёд выбегла раз'юшаная маці аднаго з гульцоў ВІДЭА1

У Сочы затрымалі дзяўчат і хлопца, якія рабілі сэлфі на фоне палаючай нафтабазы5

«Дар Марэны». На Дзятлаўшчыне знайшлі неапаганскае надмагілле6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны11

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць