Вядучыя «Нашего утра» на АНТ Лушчык ды Кашчэеў запрасілі ў госці пасла Швецыі. Ён гаварыў з імі па-беларуску, а яны з ім размаўлялі па-расейску (!).
Як патлумачыць, што беларусы з вышэйшай гуманітарнай адукацыяй не ўмеюць гаварыць на нацыянальнай мове?
Па-першае, мова цалкам выцеснена з публічнай прасторы. Нідзе не чуючы мовы ў сваім жыцці, людзі не могуць яе падтрымліваць. Няма ў свабодным доступе радыё і ТВ з паслядоўна беларускамоўным кантэнтам, рэкламы і візуальнага афармлення па-беларуску.
Па-другое, пры выкладанні мовы зашмат увагі надаецца тэарэтычным аспектам, тады як пара ставіць акцэнт на навучанне банальна размаўляць. Самі моўныя прадметы маргіналізаваныя. А спыненне фінансавання на пераклад мультфільмаў і іншае дзіцячае прадукцыі на бел. робіць немагчымым засваенне мовы ў малыя гады.
Па-трэцяе, палітычная і культурная стыгматызацыя носьбітаў беларускай мовы лукашэнкаўскім рэжымам прыводзіць да ўзнікнення псіхалагічнага бар'еру, блакіроўкі «немэтазгоднае» і «небяспечнае» мовы «свядомых», як амаль наштодзень ганьбавалі беларускамоўных Лукашэнка і кампанія.
Беспрынцыпнасць, дэмаралізацыя дарабляюць сваё. У кожнай еўрапейскай краіне чалавек, а тым больш чалавек з вышэйшай адукацыяй стыдаўся б не ўмець правільна размаўляць на літаратурнай нацыянальнай мове. Гэта ўспрымалася б як духоўная псота і інтэлектуальная беднасць. Не тое ў сённяшняй Беларусі. Люсі Лушчык і без мовы добра жывецца, яна і без мовы цешыцца попытам.
Можа быць, гаворка пасла Эрыксана зрушыць штосьці ў яе мазгах ці, спачатку, сэрцы?