Дэманстранты зноў выйшлі на вуліцы ў мікрараёнах Мінска. Сілавікі адаптавалі тактыку да раённых маршаў. Мабільныя групы на мікрааўтобусах курсіравалі каля патэнцыйных месцаў збору і прэвентыўна хапалі людзей на вуліцах. У такіх умовах большасць маршаў прайшла ў дваровых зонах, таму агульную колькасць удзельнікаў ацаніць немагчыма.

Чытайце таксама: У мікрараёнах сёння праходзяць Маршы волі АНЛАЙН

Мяркуючы па відэа, вялікія дэманстрацыі ў Мінску сёння адбыліся ў Заводскім раёне («Шарыкі»), Сухараве — там хадзілі аж чатыры калоны, Грушаўцы, на Старажоўцы, Камароўцы — там людзі скандавалі «Лукашэнку ў аўтазак» і «Верым, можам, пераможам!». Значная колькасць людзей выйшла на вуліцы Пятрышак, Калодзішчаў (Мінскі раён).

Шматлікія затрыманні зноў адбыліся ў многіх раёнах. Асабліва старанна міліцыя адпрацоўвала Уручча, Дамброўку, бульвар Шаўчэнкі, дзе людныя шэсці адбыліся на мінулых выхадных. Сярод затрыманых сёння — легендарная Ніна Багінская, а таксама 79-гадовая Ларыса Соўсь, вядомы паэт і спявак Уладзь Лянкевіч у Мінску, журналісты Марыся Харэвіч і Сяргей Людкевіч у Гродне. Усяго на гэты момант вядомыя 62 імёны затрыманых.

Сёння зранку каля 4-х гадзін глушылі Тэлеграм па тэхналогіі 9—12 жніўня, але ён, як і тады, быў лёгка даступны праз проксі. Прагляды навін у каналах у выніку паменшалі нязначна. Гэта азначае, што ў большасці карыстальнікаў загадзя ўстаноўленыя проксі. Акрамя таго, на нейкі час абмяжоўвалі доступ да мабільнага інтэрнэту і вай-фаю.

Галоўная ж падзея ў свеце — пачатак масавай вакцынацыі ад кавіду ў першых краінах свету, сярод якіх ЗША, Брытанія, Кітай, Расія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Вакцыны, праўда, прайшлі тэсціраванне ў рознай ступені, і медыкі з хваляваннем чакаюць вынікаў іх дзеяння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0