Суд Маскоўскага раёна разбірае крымінальную справу аб публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Абвінавачаны — 25-гадовы прадавец-кансультант Іван Артус, пацярпелы — Аляксандр Барсукоў, былы намеснік міністра ўнутраных спраў, а цяпер памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Мінску, піша Tut.by.

Справа заведзеная па артыкуле 369 КК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады). Іван Артус на працэс прыйшоў сам — малады чалавек не пад вартай. Аляксандр Барсукоў на суд не прыехаў.

Да таго, як пракурор зачытаў абвінавачванне, Іван папрасіў далучыць да справы яго хадайніцтва. У ім ён растлумачыў, што летам у адным з «дэструктыўных тэлеграм-каналаў» хтосьці з карыстальнікаў апублікаваў фота ягонай жонкі, якая працуе ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама. Людзі сталі высвятляць яе асабістыя звесткі. Каб адсочваць сітуацыю, Іван таксама зарэгістраваўся ў гэтым чаце. Тут жа пазней ён і склаў каментар, з-за якога аказаўся ў судзе.

У пратаколе напісана, што 14 жніўня ў адным з чатаў у тэлеграм Іван «наўмысна падрыхтаваў і апублікаваў» каментар, у якім у непрыстойнай, грубай форме выказаўся на адрас Аляксандра Барсукова.

Па словах маладога чалавека, у чаце было каля 3000 чалавек. У нейкі момант адзін з удзельнікаў запосціў відэа з Аляксандрам Барсуковым. На запісе намеснік міністра ўнутраных спраў выходзіў з ЦІП на Акрэсціна. Хтосьці ля ўваходу спытаў у яго пра «здзекі на Акрэсціна». Барсукоў адказаў: здзекаў тут не было.

Да таго моманту, распавёў абвінавачаны, ён ужо бачыў фота збітых людзей. У выніку, «пад уздзеяннем эмоцый напісаў каментар», — растлумачыў свае дзеянні Іван.

Праз тры тыдні, працягнуў абвінавачаны, усвядоміўшы, што зрабіў нешта не так, свой запіс ён выдаліў. Здарылася гэта, адзначыў Іван у хадайніцтве, да таго, як ён даведаўся, што праз каментар распачатая праверка.

— Ніякай мэты [пры напісанні] не пераследваў, — паведаміў абвінавачаны, дадаўшы, што ў той момант адчуваў «эмоцыі да ўсёй сітуацыі».

— Чаму не выдалілі [каментарыі] раней, — удакладніла суддзя.

— Проста напісаў і забыўся.

Раней падчас допыту, працягнула суддзя, малады чалавек паведамляў, што хацеў выказаць нязгоду са сказаным Барсуковым, паколькі лічыў, што гэта няпраўда. Тады Іван не адмаўляў, што разумеў: Барсукоў з'яўляецца намеснікам міністра ўнутраных спраў і выконвае пэўныя абавязкі. З гэтымі паказаннямі Іван згодны і цяпер, віну ён прызнае і раскайваецца.

У судзе таксама абвясцілі пісьмовыя паказанні Аляксандра Барсукова. У іх пацярпелы паказаў, што з 13 на 14 жніўня 2020 года быў у ЦІП на Акрэсціна і меў размову з затрыманымі. Затым у шэрагу СМІ з'явіўся ягоны каментар з нагоды знаходжання ў ЦІП людзей, якія былі затрыманыя на несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, і дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

У кастрычніку Аляксандру Барсукову прадставілі скрыншоты з чата. Там пад відэа з пацярпелым — каментар Івана.

— Каментар відавочна абразлівага характару, які змяшчае непрыстойна выраз на мой адрас, — зачытала суддзя.

Што менавіта напісаў Іван пад відэа, у судзе не агучвалася. Падчас спрэчак пракурор растлумачыў, паводле заключэння лінгвістычнай экспертызы, запіс «мае ненарматыўную форму выражэння негатыўнай ацэнкі да Барсукова». На думку самога пацярпелага, тэкст гэтага паведамлення абражае яго як асобу, службовую асобу і прадстаўніка ўлады, а таксама прыніжае яго гонар і годнасць і падрывае аўтарытэт і прафесійныя якасці.

— Настойваю на прыцягненні Артуса да крымінальнай адказнасці, — зачытаў словы Аляксандра Барсукова суддзя.

У хадайніцтве, якое Іван Артус перадаў суду, ён паведаміў, што дапамагаў следству, і растлумачыў: «Я не пераследваў мэты прыніжэння гонару і годнасці Аляксандра Барсукова. Гэта быў эмацыйны ўсплёск».

— Мая жонка працуе ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама. Яна адказны і ініцыятыўны работнік, — сказаў Іван. Жонка, працягнуў ён, плануе атрымаць афіцэрскае званне. Аднак, калі ў мужа будзе судзімасць, то шлях да атэстацыі на афіцэрскую пасаду для яе будзе закрыты.

Падчас спрэчак прадстаўнік абвінавачвання сказаў, што віна маладога чалавека даказаная, і папрасіў прызначыць Івану два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

— Я прызнаю сваю віну і раскайваюся, — сказаў у апошнім слове малады чалавек. — Гэта маё першае злачынства, і надалей такога не паўторыцца. Калі б мне прадставілася магчымасць асабіста папрасіць прабачэння перад Аляксандрам Барсуковым, я б абавязкова гэта зрабіў. Прашу не судзіць мяне строга. Я малады, нядаўна ажаніўся, у мяне сям'я, я хачу яе будаваць як паўнавартасную ячэйку грамадства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?