Дзяржаўныя СМІ абвесцілі аб хуткім апублікаванні нейкага расследавання, прысвечанага «дзейнасці тэрарыстычнай групы». У тэлеанонсах сцвярджаецца, што на гэтай групе адказнасць за падпалы ў Гродненскай вобласці. 

Мяркуючы па ўсім, справа расследуецца па артыкуле 289 — «Акт тэрарызму». Дакладны спіс падазраваных пакуль невядомы. 

Але «Нашай Ніве» ўжо вядома асоба прынамсі аднаго імавернага падазраванага — гэта жыхар Гродна Аляксандр Казіміравіч Красніцкі. 

Яго затрымалі ці то трэцяга, ці то чацвёртага лістапада за падпал дзвярэй «пункта аховы правапарадку» ў Гродне. Але тады Следчы камітэт кваліфікаваў яго дзеянні не як тэрарызм, а як «злоснае хуліганства» — ч. 3 арт. 339 Крымінальнага Кодэкса. Імаверна, справу перакваліфікавалі. 

Што вядома пра Красніцкага? 

Мужчыну 41 год, ён гродзенец. З жонкай у разводзе, мае 14-гадовага сына.

Пра яго нам расказала яго маці, Рамуальда Аляксандраўна. 

Са словаў мамы, гісторыя пачалася яшчэ ў 2018-м годзе. Тады Красніцкі нібыта стаў ахвярай нападзення, але «меў пры сабе нож і адбіваўся». Міліцэйскі нарад разагнаў бойку і затрымаў некалькіх удзельнікаў. 

Але, маўляў, паводле сведчанняў патрульных завялі крымінальную справу. Красніцкага прызналі вінаватым і далі яму хатнюю хімію. 

Па яе ўмовах забаронена піць алкаголь. 

«Але неяк селі за стол, ён выпіў, і гэта было зафіксавана. Калі там набіраецца колькасць пэўная парушэнняў, то могуць пасадзіць. Сын баяўся, што пасадзяць, з'ехаў у Расію, а міліцыі адправіў звесткі, дзе знаходзіцца», — апісвае прыгоды сына Рамуальда Аляксандраўна. 

Зусім нядаўна, кажа яна, Красніцкі вярнуўся з Расіі ў Беларусь: «Прыехаў у Гродна, выпіў, быў злы на супрацоўнікаў, што яго асудзілі, пайшоў і падпаліў апорны пункт», — кажа жанчына. Матыў, з яе словаў, злосць і крыўда. 

Пра ўдзел сына ў палітычных акцыях ёй нічога невядома. Яна кажа, што яго ў жніўні, на момант прэзідэнцкіх выбараў, не было ў краіне. 

Жанчына таксама сказала, што раней сын «браў на сябе крадзеж машыны, каб усіх не пасадзілі». 

Яна адзначыла, што нейкія «знаёмыя» падгаварылі не браць адваката. 

Пры гэтым, па першай частцы артыкула Крымінальнага Кодэкса «Акт тэрарызму» прадугледжваецца пакаранне — да 15 гадоў пазбаўлення волі, па трэцяй частцы — ажно да расстрэлу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру