Генеральная пракуратура Беларусі супраць літоўскіх калег: хто мае рацыю?

Генеральная пракуратура Беларусі выбухнула крытыкай з нагоды таго, што літоўская пракуратура пачала праверку ўчыненых беларускімі сілавікамі дзеянняў у рамках універсальнай юрысдыкцыі. Мабыць, і заява беларускага МЗС таксама не прымусіць сябе доўга чакаць.

Заява беларускай Генпракуратуры пакліканая пераканаць грамадскасць, што літоўцы бясчынствуюць і пачынаюць беспадстаўна лезці ва ўнутраныя справы Беларусі.

Сітуацыя і праўда неардынарная: звычайна неабходная сувязь па тэрыторыі, грамадзянстве ці іншых прыкметах паміж дзяржавай, якая ажыццяўляе юрысдыкцыю (у дадзеным выпадку, Літвой), і разгляданымі (беларускімі) падзеямі.

Аднак тут сітуацыя адваротная: гэты вельмі рэдкі ў прававой практыцы інструмент (універсальная юрысдыкцыя) вынікае з беззаконня беларускіх органаў.

З часу Нюрнбергскага трыбунала і яго прысуду ў 1946 годзе лічыцца, што некаторыя злачынствы носяць такі сур'ёзны характар, што іх здзяйсненне кранае сумленне ўсяго чалавецтва і падрывае мір і бяспеку ўсіх дзяржаў. А таму даюць кожнай дзяржаве права пераследваць у судовым парадку тых, хто іх здзяйсняе, безадносна грамадзянства і тэрыторыі здзяйснення злачынства.

У гэтым і ёсць рэзон універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі — забяспечыць здзяйсненне правасуддзя ў дачыненні да асоб, якія ўчынілі асабліва цяжкія злачынствы, любой дзяржавай. На месцы Літвы могуць быць і Украіна, і Чарнагорыя, і Уругвай.

Дарэчы, прынцып універсальнай юрысдыкцыі зафіксаваны і ў беларускім крымінальным кодэксе, а менавіта ў артыкуле 6.

Там сказана, што кодэкс прымяняецца незалежна ад крымінальнага права месца здзяйснення дзеі і грамадзянства ў дачыненні да генацыду, злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва, ваенных злачынстваў і шэрагу іншых.

У апублікаваным месяц таму дакладзе АБСЕ прыводзіцца цытата Генеральнага сакратара Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў аб тым, што ўлічваючы сістэматычнасць і маштабнасць прымянення жорсткага абыходжання і катаванняў у дачыненні да вялікай колькасці беларусаў, гэта «відавочна сведчыць аб злачынстве супраць чалавечнасці».

Таму ў дадзеным выпадку гаворка не пра ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі, а пра спробу Літвы забяспечыць правасуддзе ў рамках міжнароднага права, пад нормамі якога падпісалася ўся міжнародная супольнасць, уключаючы Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?