Саліста гуртоў «Петля Пристрастия» і «Кассиопея» Іллю Чарапко-Самахвалава затрымалі падчас нядзельнага маршу 22 лістапада. Шпацыр ацанілі ў 15 сутак, якія спявак правёў на Акрэсціна і ў Баранавічах. Пра свой першы турэмны вопыт ён распавёў «Нашай Ніве».

Фота з Facebook

«Я ішоў услед за калонай, патрапіў пад спецаперацыю. Прыйшлося пабегаць, але нас хутка ўзялі ў «мяшок», прыціснулі да сцяны — і ўсё, затрымалі. Адвезлі ў Партызанскае РУУС. Інфармацыя пра тое, што я музыкант, разляцелася хутка, яшчэ на этапе падпісання пратаколаў супрацоўнікі ведалі, хто я ёсць. Яны былі прыемна здзіўленыя — думаю, гэта крыху разнастаіла іх будні.

Мой судовы працэс мала чым адрозніваўся ад астатніх. Вы ж разумееце, што гэта ўласна і не суд ніякі. У маім выпадку сведак у балаклавах не было — быў адзін міліцыянт пад сваім прозвішчам і яшчэ невядомы мне супрацоўнік, які не з’явіўся. Мне далі адваката, і суд зацягнуўся на два дні. Але вынік адзін — амаль усім, каго тады затрымалі ў Партызанскім раёне, далі 15 сутак.

Першыя двое сутак да суда мы знаходзіліся ў падвешаным стане, не ведалі, што будзе адбывацца, таму гэтыя дні самымі складанымі былі.

Умовы ў ізалятарах умоўна здавальняючыя. Не лакшары, вядомая рэч, быў створаны пэўны дыскамфорт (не ведаю, свядома ці не). Непаладкі з каналізацыяй, розныя тэмпературы ў камерах, бо дзесьці адчынялася акно, дзесьці не. Але нічога такога, чаму не мог бы даць рады зараджаны на перамогу чалавек.

Агулам да нас ставіліся добра. Спадзяюся, гэта ўва мне не стакгольмскі сіндром кажа, бо я стараўся аб’ектыўна глядзець на рэчы.

Такі пірог сябры прыгатавалі да выхаду Іллі

Са мной сядзелі абсалютна розныя людзі. Памочнікі машыністаў, прадаўцы саджанцаў, кіроўцы, крызісныя дырэктары, геолагі… Былі выпадковыя людзі, якіх узялі ні за што — яны шлі з працы дадому і аказаліся не ў тым месцы не ў той час.

У камеры я стараўся не выдаваць, што музыкант, але пасля мяне ўскрылі супрацоўнікі ізалятара. Выклікалі ў калідор і расказвалі, што азнаёміліся з творчасцю — ацанілі ніштавата.

Ці чакаць песень на гэту тэму? Магчыма. Але гэта ж не так усё працуе. Яно выходзіць на ўзроўні падсвядомага. Напісаць песню пра тое, як я сядзеў у СІЗА №6 я не змагу, гэта занадта прамалінейная фігня, я такім не займаюся (усміхаецца).

Там я стараўся не ўключаць галаву, бо абцяжарваць сябе думкамі, якія могуць выклікаць адток псіхічных сіл, не варта. Трэба было эканоміць энергію, не думаць ні пра ўчора, ні пра заўтра, жыць сённяшнім днём і не спрабаваць паскорыць тэрмін.

Мне даслалі шмат лістоў. Я не змог адказаць на ўсе, бо ў нас у камеры толькі адзін стрыжань. Я б хацеў усім падзякаваць за паштоўкі, за цёплыя словы — гэта дапамагло не толькі мне, але і маім сукамернікам, якія з задавальненнем слухалі лісты. Людзі дасылалі крыжаванкі, імі самімі складзеныя, размалёўкі. Пісалі і сябры, і незнаёмыя наогул. Салідарнасць мяне вельмі ўразіла.

Кніжкі былі галоўным выратаваннем. Спачатку давялося чытаць брыдкую кніжыцу, якая была ласкава дадзена работнікамі ўстановы — Марыя Воранава «Скрадзенае шчасце» ці штосьці ў такім духу, дэтэктыў. Але я не змог прымусіць сябе дачытаць, настолькі гэта было агідна (смяецца). Затое я перачытаў тры кніжкі Джэральда Дарэла, пасля «Лаўца ў жыце» і тоўсты раман Майкла Шэйбана «Ашаламляльныя прыгоды Кавалера і Клея» — вельмі добрая кніжка, яе аднаму з маіх сукамернікаў дачка перадала.

Там сядзела такая колькасць людзей, лепшых за мяне, больш рашуча настроеных, і я не бачыў ніводнага, хто б здаўся».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?