Беларускі ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода паведамілі пра зьмены ў прысуджэньні прэміі імя Францішка Аляхновіча за літаратурныя творы, створаныя на падставе асабістага турэмнага досьведу.

«Паважаныя сябры,

Сёлетні год, на жаль, стварае надзвычайныя перадумовы для зьяўленьня літаратуры, якая грунтуецца на асабістым аўтарскім досьведзе існаваньня ў зьняволеньні. Заснавальнікі літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча, якой сёлета спаўняецца 10 гадоў, ад пачатку спадзяваліся, што зь цягам часу яна стане непатрэбнай. Але палітычныя рэпрэсіі і вязьні сумленьня застаюцца вызначальнай характарыстыкай Беларусі ў 2020 годзе, і турэмныя творы ў прозе і вершах працягваюць нараджацца, пісацца, зьяўляцца на сьвет.

Беларускі ПЭН і Радыё Свабода пастанавілі перанесьці прысуджэньне прэміі імя Францішка Аляхновіча на наступны год, каб больш поўна выявіць здабыткі і творчы патэнцыял аўтараў — магчымых прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

Таксама вызначана новая дата абвяшчэньня ляўрэатаў — 15 лістапада, сусьветны Дзень зьняволенага пісьменьніка, які ад 1981 году адзначае Міжнародны ПЭН.

Такім чынам, новы творчы пэрыяд для прэтэндэнтаў ахоплівае час ад студзеня 2020 да кастрычніка 2021. Адпаведныя абвесткі будуць зроблены ў кастрычніку наступнага году».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0