Жыхарка Пружан напісала ліст у райвыканкам з просьбай дазволіць ёй у пэўныя даты выйсці з дома ў краму па прадукты. Падставай для звароту сталі неаднаразовыя затрыманні актывістаў на вуліцах горада для высвятлення асобы, паведаміла Tut.by старшыня мясцовай Каардынацыйнай рады Ганна Баран, якая за апошнія шэсць дзён пяць разоў была ў міліцыі.

Фатаграфію ліста пружанкі размясціў у сябе ў тэлеграм-канале «Белсат».

«Прашу выдаць мне дазвол на наведванне крамаў «Універмаг», «Універсам», «Кулінарыя», «Тры цаны», а таксама магчымасць следавання да гэтых крамаў пешшу і на грамадскім транспарце без затрымання ў Пружанскі РАУС для высвятлення асобы 12 і 13 снежня», — пазначана ў звароце.

Ліст адправілі ў райвыканкам некалькі дзён таму, паведаміла Ганна Баран. Яшчэ адзін рыхтуецца. Адказу на першую просьбу аўтарка пакуль не атрымала.

Падставай для звароту сталі неаднаразовыя затрыманні актывістаў у пачатку снежня.

— Людзі стаялі каля прыпынку, прыехаў аўтазак, і чацвярых забралі. На наступны дзень паўтарылася тое ж самае. Пры гэтым у іх не было ніякай сімволікі. Гэты прыпынак у нас у народзе называецца «Прыпынкам пераменаў» — пасля выбараў людзі там кожны дзень збіраюцца. Пасля таго, як там аўтазак а 19:00 два разы забіраў людзей, на раскладзе дадалі яшчэ адзін пункт: «19:00 — аўтазак». Міліцыя адрэагавала — і на наступны дзень забіраў не аўтазак, а «бобікі», уазікі, міліцэйскія машыны. У адзін дзень адтуль забралі 7 чалавек, потым — 8, — распавяла Ганна, дадаўшы, што актывістаў забіралі не толькі з «Прыпынку перамен». Некалькі чалавек спынілі ў горадзе: адны ішлі з крамы, іншыя — гулялі.

Па словах жанчыны, людзей адвозяць у райаддзел для высвятлення асобы і прафілактычнай гутаркі, а затым адпускаюць. Сама Ганна з 4 снежня пабывала ў РАУС пяць разоў:

— Адзін раз, 6 снежня, мяне затрымалі, калі я ішла з парку, а ўсе астатнія — з «Прыпынку пераменаў». ( … ) Мясцовыя перажываюць — нават тыя, хто не збіраецца на «Прыпынку пераменаў». Жонкі тэлефануюць мужам, просяць пад'ехаць і падвезці, каб у аўтазак не патрапіць. Самыя баязлівыя пішуць ужо ліст старшыні райвыканкама, каб дазволілі выйсці ў горад, схадзіць у краму.

Ганна Баран таксама дадала, што пружанскіх актывістаў неаднаразова судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Са жніўня яны атрымалі агулам больш за 300 сутак арышту і штрафаў больш чым на 8100 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0