Фота Яўгенія Ярчака

Фота Яўгенія Ярчака

Суд у Старых Дарогах разгледзеў адміністрацыйную справу па артыкуле 23.34 (Удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве), якую міліцыя завяла ў дачыненні да Вадзіміра Заранкіна, старэйшага сына мэра Віцебска. Яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Нагадаем, Заранкіна затрымалі яшчэ 12 кастрычніка каля крамы «Рыга», піша Tut.by.

У мэра Віцебска Вадзіма Заранкіна два сыны: 32-гадовы Вадзімір і 28-гадовы Філіп. Браты жывуць у Мінску, закончылі сталічныя ВНУ, абзавяліся сем'ямі. Хлопцы не хаваюць, што выступаюць за перамены ў краіне, нягледзячы на тое, што іх бацька — высокапастаўлены чыноўнік. Яшчэ ў верасні суд пакараў Філіпа, малодшага сына, адміністрацыйным арыштам за ўдзел у маршы супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Хлопец сцвярджае, што ў акцыі не ўдзельнічаў, а ішоў дадому з працы.

А 12 кастрычніка сілавікі затрымалі старэйшага з братоў — Вадзіміра. Каля крамы «Рыга», куды Вадзімір прыехаў за пакупкамі, яго выцягнулі проста з-за руля аўтамабіля, даставілі ў РУУС, а потым у Жодзіна.

Амаль праз двое сутак там жа прайшоў суд пад старшынствам суддзі са Старых Дарог. На пасяджэнне не выклікалі адваката Заранкіна, хлопец падаваў пра гэта хадайніцтва, таму суддзя перанесла разгляд справы. Вадзіміра адпусцілі з абавязацельствам аб яўцы.

Наступнае пасяджэнне павінна было адбыцца ў канцы кастрычніка ў судзе Старых Дарог. Аднак яно зноў не адбылося. Суддзя запытала звесткі пра сведку — супрацоўніка РУУС Савецкага раёна Мінска пад выдуманым імем, а пасля таго як атрымала адказ, што такі супрацоўнік у РУУС не працуе, вярнула матэрыял на дапрацоўку з запісам: «Паколькі прымяненне мер бяспекі да сведкі не прадугледжаныя ПВКаАП Рэспублікі Беларусь, названыя абставіны перашкаджаюць разгляду справы ў судовым пасяджэнні».

Слуханне перанеслі на 7 снежня — за пяць дзён да заканчэння тэрміну накладання. На гэты раз справу разглядала старшыня суда.

— На пасяджэнне я прыехаў з адвакатам і двума сведкамі. Бачачы, як у апошні час праходзяць нашы суды, я быў гатовы да любога выніку справы. Але ўсё ж крыху спадзяваўся даказаць, што не «браў удзелу ў шэсці», як гэта было пазначана ў пратаколе, — распавёў Вадзімір Заранкін.

Сведка з боку міліцыі выступаў праз Skype, па-ранейшаму даваў паказанні пад выдуманым прозвішчам — Громаў. Ён назваўся ўчастковым міліцыянерам Савецкага РУУС. Яго даныя правярала суддзя, на гэты час яна папрасіла выйсці з кабінета Заранкіна і яго адваката.

Адвакат Заранкіна акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі законам устаноўлены асаблівы парадак змены персанальных звестак для работнікаў праваахоўных органаў, які не прадугледжвае змяненне звестак пра асобу рапартам міліцыянта, як гэта адбылося ў справе Заранкіна. Аднак суд праігнараваў гэта і палічыў паказанні сведкі дапушчальнымі і дакладнымі.

— Міліцыянт запэўніваў, што асабіста бачыў мяне а 20.30 з адлегласці не больш за 15 метраў. Маўляў, я быў на шэсці з іншымі людзьмі, «пазначанымі характэрнай сімволікай». Ён паглядзеў на мой твар і сказаў, што добра мяне памятае. Толькі вось забыўся, дзе знаходзіўся ў гэты час сам, хаця б прыкладна.

У абарону Вадзіміра выступілі сведкі, былі прагледжаныя 12 відэа з камер вонкавага назірання ГЦ «Рыга», а таксама размешчаных у доме Заранкіна, на якіх было відаць, што хлопец у 22.00 выходзіў з уласнага дома, а ў 22.30 знаходзіўся ля ўваходу ў ГЦ «Рыга». Пры гэтым ніякага шэсця і «пазначаных характэрнай сімволікай» людзей вакол не было.

— Мае звесткі паказвалі на неадпаведнасці ў пратаколе: пачынаючы ад часу затрымання і заканчваючы тым, што пасля 22.00, калі я быў на Сурганава, пратэсных акцый там не было.

Пасяджэнне ішло каля дзвюх гадзін. У выніку суддзя абвясціла, што зноў пераносіць пасяджэнне — у справе не хапае выпіскі аб адміністрацыйных парушэннях Заранкіна.

Учора, 9 снежня, пасяджэнне працягнулася. На ім зачыталі звесткі аб некалькіх парушэнняў Вадзіміра за перавышэнне хуткасці. А потым, нават не аддаляючыся ў дарадчы пакой, суддзя абвясціла пакаранне: 10 сутак адміністрацыйнага арышту. З гэтага тэрміну трэба адняць амаль двое сутак, якія хлопец адседзеў у жодзінскай турме.

— Надзея, што мяне апраўдаюць, была не вельмі вялікая, але маючы такую доказную базу ў сваю абарону, на арышт я не разлічваў. Тым больш, амаль усім, каго ў Жодзіне судзілі адначасова са мной па ідэнтычных пратаколах, давалі штраф 5-10 базавых. Атрымліваецца, што адно слова сведкі-інкогніта перакрэслілі ўсе мае доказы.

У Заранкіна ёсць пяць дзён на падачу скаргі на рашэнне па справе суда Старых Дарог у Мінскі абласны суд. Хлопец мае намер скарыстацца гэтым правам. Тым не менш, Вадзімір цяпер будзе насіць з сабой «трывожны чамаданчык», бо не выключае верагоднасці таго, што яшчэ да перагляду справы яго могуць затрымаць і змясціць у камеру для адбыцця арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?