Старшыня Руху за Свабоду накіраваў шэрагу еўрапейскіх палітыкаў зварот, у якім звяртае ўвагу на знаходжанне за кратамі ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і галадоўку Мікалая Аўтуховіча, праблемы рэгістрацыі НДА і партыяў, а таксама кажа пра наспеласць і важнасць зніжэння коштаў на візы для беларусаў.

Ліст атрымаюць канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, вярхоўны камісар ЕС па вонкавай палітыцы і бяспецы Хаўер Салана, старшыня Еўрапарламента Ганс‑Герт Пётэрынг, камісар ЕЗ па вонкавых сувязях Беніта Ферэра‑Вальднер.

У звароце гаворыцца, што разам з шэрагам крокаў па лібералізацыі эканомікі і некаторымі павярхоўнымі зменамі ў сферы дэмакратызацыі

беларускія ўлады працягваюць практыку ціску на дэмакратычных актывістаў і адмаўлення беларусам фундаментальных правоў свабоды выказвання, сходаў і аб’яднання.

Аляксандр Мілінкевіч нагадвае, што прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў, Уладзімір Асіпенка ужо больш за тры месяцы ўтрымліваюцца ў турме. Пры гэтым следчыя дзеянні ў дачыненні да іх практычна не праводзяцца. 16 красавіка Мікалай Аўтуховіч распачаў галадоўку пратэсту. Яго стан здароў’я моцна пагоршыўся, і існуе рэальная пагроза яго жыццю.

Старшыня Руху таксама зазначае, што Мінюст Беларусі працягвае ранейшую практыку нерэгістрацыі НДА і палітычных партый на падставе надуманых прычынаў. За апошні час адмоўлена ў рэгістрацыі праваабарончаму цэнтру «Вясна» і Асамблеі дэмакратычных НДА, а таксама партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. На актывістаў БХД працягваецца ціск з боку спецслужбаў, мясцовых ідэолагаў ды кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Аляксандр Мілінкевіч выказвае спадзяванне, што ўсе факты парушэння правоў чалавека будуць па‑ранейшаму ўздымацца ў рамках крытычнага дыялогу і канструктыўнага заангажавання Беларусі ў супрацоўніцтва з Еўразвязам і знойдуць станоўчае рашэнне.

Таксама лідэр Руху за Свабоду звяртае ўвагу на тое, што пасля прыняцця нашай краіны ў праграму Усходняга Партнёрства беларускае грамадства вельмі разлічвае, што Еўрапейскі саюз і ягоныя дзяржавы‑чальцы ў найбліжэйшы час і ў аднабаковым парадку зменшаць кошты на шэнгенскія візы для грамадзянаў Беларусі.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, такі крок будзе яскравым сігналам для ўсіх беларусаў, зацікаўленых у збліжэнні Беларусі з аб’яднанай Еўропай.

milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0