Скрыншот з відэа Гродзенскай міліцыі

Следчыя органы і пракуратура Беларусі паведамляюць пра ўсё новыя факты блакавання руху чыгуначнага транспарту шляхам накладання металічнага дроту на рэйкі, псавання сігналізацыі і іншых крымінальных дзеянняў на чыгунцы, піша spring96.org.

Работнікі Ашмянскага РАУС і АУС на транспарце ўстанавілі асобу 27-гадовага мужчыны, якога падазраюць у пашкоджанні магістральнага кабелю на чыгунцы. Інцыдэнт здарыўся 11 лістапада на перагоне «Ашмяны—Гудагай».

Следствам было ўстаноўлена, што жыхар Ашмянаў, грамадзянін К. перарэзаў кабель нажоўкай. Таксама карыстаўся пры гэтым ломам і рыдлёўкай.

У дачыненні да жыхара Ашмянаў распачата крымінальная справа па артыкуле 309 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў зносін). Яму можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі. Раней мужчына да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

У панядзелак, 7 снежня, у Баранавічах былі затрыманыя трое мясцовых жыхароў, якіх змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Іх падазраюць ў здзяйсненні злачынства па артыкуле 309 Крымінальнага кодэкса. Акалічнасці здарэння высвятляюцца.

У Светлагорску нядаўна таксама была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 309 КК РБ. У межах яе гомельскія аператыўнікі (ГуБАЗ) затрымалі грамадзяніна Б. Вядома, што справа звязаная з двума выпадкамі нацяжэння дроту на чыгунцы ў лістападзе.

Мужчыны з Радашковічаў наклалі металічны дрот на чыгунку. Іх злавілі міліцыянеры. Затрыманыя сказалі, што збіраліся разліць бензін на шляху адыходу, думаючы, што такім чынам змогуць збіць са следу службовага сабаку. Цяпер мужчыны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Следчыя распачалі крымінальную справу за наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін.

Раней паведамлялася, што раніцай 12 лістапада супрацоўнікі міліцыі ў межах крымінальнай справы нібыта за псаванне сігналізацыі на чыгунцы прыйшлі з ператрусам да берасцейца Аляксандра Булыгі. Зараз ён затрыманы, ідзе следства.

Праваабаронцам вядомая інфармацыя пра затрыманне мужа і жонкі Сяргея і Вольгі Сіліч. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны падазраюцца ў псаванні чыгуначнай сігналізацыі па ч. 1 арт 309 КК РБ. Праваабаронцы кажуць пра тое, што з затрыманых выбівалі паказанні з дапамогай фізічнай сілы і катаванняў.

Вольга Сіліч выйшла з Брэсцкага СІЗА пад абавязацельства аб яўцы ўвечары 23 лістапада, праз некалькі гадзін пасля таго, як відэа з прызнаннямі яе мужа Сяргея было апублікавана на YouTube-канале МУС. Сяргей усё яшчэ знаходзіцца пад вартай. З ім сустракаўся адвакат.

— Пакуль абвінавачанне не прад'явілі. Толькі ролік міліцыя выпусціла. Пры затрыманні ўжывалі сілу. Калі адвакат прыйшла да яго, ён быў прыкаваны кайданкамі. Яна папрасіла выклікаць хуткую. Хуткая яго агледзела, што хоць бы няма пераломаў. Праз дзень хуткую яму зноў выклікалі ў ізалятар, таму што вельмі балела спіна. На шпіталізацыю яго не везлі, — цытаваў словы Таццяны TUT.BY.

Але падобна на тое, што псаванне чыгуначных шляхоў і камунікацый не абмяжоўваецца толькі дзеяннем артыкула 309.

Варта нагадаць, што на нарадзе па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага схода Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што людзі «ўжо выйшлі на чыгунку і пачынаюць блакаваць аўтаматыку, ажыццяўляць замыканне рэек. Гэта можа прывесці да сур'ёзных аварый на чыгунцы, катастроф і гібелі мноства людзей. Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарызму».

Так, па інфармацыі Генеральнай пракуратуры, 7 снежня каля чыгуначнай станцыі Адамава ў Полацкім раёне знайшлі «прадмет з прыкметамі самаробнай выбуховай прылады». На больш чым пяць гадзін быў затрыманы рух пяці цягнікоў — двух пасажырскіх і трох грузавых.

Пракурор Віцебскай вобласці Вадзім Сушчынскі распачаў крымінальную справу аб пагрозе здзяйснення акту тэрарызму, якая пацягнула іншыя цяжкія наступствы (ч. 2 арт. 290). Папярэдняе расследаванне будзе весці КДБ.

Як трактуе Крымінальны кодэкс артыкул 309?

Артыкул 309. Наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў зносін

Частка 1. Наўмысныя разбурэнне, пашкоджанне або прывядзенне іншым спосабам у непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага, воднага, паветранага, аўтадарожнага, магістральнага трубаправоднага транспарту, шляхоў зносін, збудаванняў на іх, сродкаў сігналізацыі або сувязі, або іншага транспартнага абсталявання, калі гэтыя дзеянні загадзя для вінаватага маглі пацягнуць смерць чалавека, крушэнне, аварыю альбо іншыя цяжкія наступствы, — караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Пра крушэнні і іншыя цяжкія наступствы пакуль нічога невядома, але паведамляецца чамусьці не пра адміністрацыйныя, а крымінальныя справы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна