За знявагу дзяржаўнага сцяга мінчук павінен выплаціць 10 800 рублёў, паведамляюць праваабаронцы.
У судзе Савецкага раёна горада Мінска 10 снежня прайшло судовае пасяджэнне над Аляксандрам Гаранковым. Мінчука абвінавацілі ў знявазе дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь (артыкул 370 Крымінальнага Кодэкса).
Згодна з абвінавачаннем Гаранкоў 24 кастрычніка ў перыяд часу з 21.50 да 22.10, публічна сарваў сцяг, які знаходзіўся на драўляным мацаванні (вуліца Чырвоная, 20). Пасля чаго кінуў дзяржаўны сцяг на праезную частку. Тым самым публічна зняважыў чырвона-зялёны сцяг.
Пасля гэтага Гаранкова затрымалі. На следстве ён адразу ўсё распавёў, а таксама кампенсаваў шкоду за кошт сцяга і яго мацавальніка — 30 рублёў і 50 капеек.
Дзяржабвінаваўца прапанаваў аштрафаваць мужчыну на 10 800 рублёў. Такі прысуд і вынесла суддзя Жуковіч.