Сёння ў Смалявічах супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы ўвесь адзінаццаты клас гімназіі, які гуртам вяртаўся цэнтральнай вуліцай з рэпетыцыі выпускнога вальса, паведамляе Ганна Севярынец.

Хлопчыкаў пасадзілі за краты, дзяўчат на лаўкі, пераганялі з буса ў бус, прывезлі ў РАУС, камандавалі стаць тварам да сцяны. Жанчына ў РАУС моцна здзівілася і спытала: «Нашто вы сюды дзяцей прывезлі?» І іх выпусцілі.

Адзін хлопчык сказаў: «А гэты бус я ведаю, ім выканкам яго выдзеліў, мы ў гэтым бусе на канцэрт з аркестрам два разы ездзілі».

Смалявіцкі дзіцячы аркестр — лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, піша Ганна Севярынец.

Вядома, што бацькі ўжо хадзілі ў РАУС з нагоды затрымання дзяцей і ім там сказалі, нібыта дзеці лаяліся матам на міліцыянераў. Севярынец сцвярджае, што гэтыя дзеці не лаюцца матам.

«Гэта самы моцны клас у Смалявіцкім раёне, з шостага класа яны штогод станавіліся «Класам года» гімназіі, у іх пяць (!) чалавек ідуць на залаты медаль, тры чалавекі з класа з'яўляюцца дыпламантамі абласной навуковай канферэнцыі школьнікаў, тут вучацца шматразовыя пераможцы раённых і абласных алімпіяд па вучэбных прадметах, чэмпіёны «Што? Дзе? Калі?» і пераможцы музычных і спартовых спаборніцтваў. Гэта шчэ трэба было пастарацца нарвацца менавіта на гэты клас», — кажа педагог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0