Цяпер былы студэнт БрДТУ Міхаіл Якушэвіч знаходзіцца ў Польшчы. Хутка ён пачне навучанне па праграме Каліноўскага, піша Брэсцкая газета.

У судзе Маскоўскага раёна г. Брэста 14 снежня адбылося папярэдняе пасяджэнне па грамадзянскім пазове берасцейца Міхаіла Якушэвіча да БрДТУ. Загадам рэктара ад 28 кастрычніка гэтага года трэцякурснік, які вучыўся платна на факультэце электра-інфармацыйных сістэм, быў адлічаны «за арганізацыю 26 кастрычніка з 11.20 да 12.30 незаконнага масавага мерапрыемства ў фае ўніверсітэта».

У той дзень у краіне праходзіла «нацыянальная забастоўка». На першым паверсе галоўнага корпуса БрДТУ сабралася група студэнтаў. Да іх выйшлі прарэктар па выхаваўчай працы Наталля Яловая і першы прарэктар Аляксандр Амельянюк. Студэнтаў прывялі ў аўдыторыю для дыялогу, а праз два дні стала вядома пра адлічэнне дзевяці чалавек, у тым ліку Міхаіла Якушэвіча.

Інтарэсы хлопца, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы, на падставе даверанасці прадстаўляе яго бацька — таксама Міхаіл. Бацька лічыць, што яго сын не ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве. Загад аб адлічэнні, на яго думку, грунтуецца толькі на дакладной запісцы Яловай, у якой, у сваю чаргу, няма фактычных доказаў здзяйснення дысцыплінарнай правіны.

Таму ў пазове ён просіць прызнаць незаконным загад рэктара БрДТУ аб адлічэнні і ўскласці на ВНУ судовыя выдаткі, звязаныя са справай.

Падчас папярэдняга пасяджэння ён папрасіў далучыць да матэрыялаў справы даведку з міліцыі аб тым, што яго сын не прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

«Хачу звярнуць увагу на тое, што загад аб адлічэнні быў падпісаны двума людзьмі — непасрэдна рэктарам і прарэктарам Наталляй Яловай. Ні дэканам, ні першым прарэктарам, ніводным з юрыстаў, якія працавалі ва ўніверсітэце, ён падпісаны не быў. Кіраўнік юрыдычнага аддзела, якая звольнілася адразу пасля гэтага, адмовілася падпісваць незаконны, на яе думку, загад», — падкрэсліў прадстаўнік пазоўніка.

Заяўленыя іскавыя патрабаванні ўніверсітэт не прызнае. Паводле версіі БрДТУ, 26 снежня Міхаіл Якушэвіч здзейсніў адначасова два парушэнні, што стала падставай для накладання дысцыплінарных спагнанняў. Першае — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў фае ўніверсітэта. Другое — пропуск у гэты ж час пары. За першае парушэнне Міхаіл атрымаў вымову, за другое — адлічэнне.

Асноўнае судовае пасяджэнне па справе прызначана на 11 студзеня. Былы студэнт Міхаіл Якушэвіч будзе ўдзельнічаць у ім па відэасувязі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0