Інцыдэнт адбыўся ў адной са школ Баранавіч у пачатку снежня падчас перамены. Пацярпелага — 14-гадовага хлопца — родныя адвезлі ў бальніцу. Яму спатрэбілася аперацыя, піша Intex-Press.

Пра здарэнне распавялі родныя школьніка. Хлопец вучыцца ў 9 класе.

Па іх словах, усё адбылося паміж урокамі ў адной са школьных распранальняў.

— Як мне распавёў Вадзім (імя школьніка змененае), у распранальні ён быў з іншымі хлопцамі. Да гэтага яны нібыта як палілі за школай электронныя цыгарэты, і калі настаўнік фізкультуры зайшоў у распранальню, ён убачыў у руках Вадзіма гэту прыладу для курэння, стаў лаяцца, затым пацягнуў за руку, каб выходзіў з распранальні, і пры выхадзе ўдарыў нагой дзіця ў пах, — распавядае бабуля пацярпелага.

Далей, па словах жанчыны, Вадзім самастойна з'ехаў дадому, нікому з родных і блізкіх нічога не распавёўшы.

— Толькі па тэлефоне, калі я датэлефанавалася да дзіцяці, ён распавёў аб здарэнні. Мой муж, яго дзядуля, адразу ж паехаў да яго і ўбачыў, што дзіцяці дрэнна. Адвезлі ў бальніцу, у прыёмным пакоі выклікалі ўролага, той сказаў, што ў дзіцяці разрыў правага яечка, гематома, і што трэба рабіць аперацыю, — успамінае гараджанка.

Родныя дзевяцікласніка звярнуліся з заявай у міліцыю і ў Следчы камітэт.

— Так, я разумею, што падлеткі цяпер складаныя. Могуць нешта і буркнуць ў адказ. Так што, прабачце, гэтак біць трэба?! — абураецца бабуля хлопца.

Аперацыя праведзена, школьніка выпісалі, але ён працягвае знаходзіцца на бальнічным.

— Доктар сказаў, што ўсё павінна быць добра. Гэта «павінна» трохі абурае. Не ведаю, як усё будзе далей. І ці не адаб'ецца ўсё гэта ў далейшым на яго маральным і фізічным стане — незразумела, — кажа бабуля. — Унук баіцца ісці назад у школу, думае, што з яго будуць кпіць. Хоць сябры часта яму тэлефануюць і пішуць, пытаюцца, як у яго самаадчуванне.

Завялі крымінальную справу па арт. 147 КК РБ («Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання»).

Ва ўпраўленні па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама атрымаць аператыўны каментар наконт здарэння не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0