66-гадовы Сяргей Перапялюк быў дэпутатам Веткаўскага раённага Савета дэпутатаў. Паўнамоцтвы ён склаў 12 жніўня, амаль адразу пасля выбараў. Фармальна — па стане здароўя.

Фота газеты «Голас Веткаўшчыны»

Рэальная ж прычына — у грамадскай пазіцыі.

«Я быў вельмі незадаволены палітыкай прэзідэнта і погляды свае не хаваў. А таксама сышоў з кампартыі (Перапялюк быў першым сакратаром раённай ячэйкі. — «НН»), бо яны падтрымліваюць дзеючую ўладу. Я не хацеў у гэтым пэцкацца», — адказвае былы дэпутат.

Ён тлумачыць, што выступае супраць фальсіфікацый. Не падабалася яму і тое, як развіваліся беларуска-расійскія адносіны. А дакладней — што яны былі не настолькі шчыльныя, як маглі б.

«Я прарасійска настроены чалавек. Нашы краіны павінны быць разам. Я выступаю не за Саюзную дзяржаву, а за аднаўленне СССР, хаця б напачатку у межах Беларусі і Расіі», — тлумачыць Перапялюк.

Пасля дэпутацкай адстаўкі ён працягвае працаваць школьным настаўнікам — выкладае гісторыю з 1991 года. Займаецца таксама школьным музеем баявой і працоўнай славы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?