Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч на сумеснай з Нацыянальным антыкрызісным упраўленнем Паўла Латушкі прэс-канферэнцыі прэзентаваў сем напрамкаў эканамічнага ціску на ўлады, па якіх ужо ідзе праца.

Першае — гэта ўнутраныя санкцыі. То-бок абмежаванне самімі беларусамі пакупак тавараў і паслуг кампаній, у якіх адбываюцца рэпрэсіі і якія падтрымліваюць рэжым. Яшчэ адзін важны напрамак — абмежаванне плацяжоў у дзяржбюджэт, у тым ліку падаткаў і пакупак галоўных падакцызных тавараў — алкаголю і цыгарэт. Акрамя таго, магчыма зацягванне тэрмінаў унясення плацяжоў у бюджэт, прычым у рамках закона, адзначыў Аляхновіч.

Другое — гэта расследаванне і абмежаванне карупцыйных схем паставак тавараў з Беларусі прыватнымі кампаніямі, набліжанымі да рэжыму. Тут гаворка пра санкцыі ЕС і ЗША супраць «кашалькоў» рэжыму.

Трэцяе — замарозка міжнароднага супрацоўніцтва з дзяржсектарам. Размова аб прыпыненні адносін з рэжымам з боку ЕБРР, МВФ, ЕІБ, Сусветнага банка на карысць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Чацвёртае — спыненне міжнароднага супрацоўніцтва і фінансавання для беларускіх дзяржбанкаў. Абмежаванне крэдытных ліній ад міжнародных банкаў для даччыных банкаў унутры краіны.

Пятае — закрыццё міжнародных фінансавых рынкаў для эмісіі новых дзяржаблігацый. Інфармаванне міжнароднай супольнасці аб тым, як рэжым парушае асноўныя эканамічныя правы беларусаў — напрыклад, блакаваннем рахункаў, на якія прымалася дапамога фондаў салідарнасці. Запуск абмеркавання перагляду выплаты дзяржаблігацый, выпушчаных рэжымам пасля 9 жніўня 2020 года.

Шостае — абмежаванне экспарту ключавых дзяржпрадпрыемстваў. Размова аб працы з такімі кампаніямі, як Yara ў Нарвегіі, якая ўваходзіць у топ-10 галоўных пакупнікоў прадукцыі «Беларуськалія».

Сёмае — гэта спыненне замежных інвестыцый і з боку прадпрыемстваў, і з боку іншых дзяржаў.

— Калі гэтыя механізмы не спрацуюць, а рэпрэсіі будуць працягвацца, можа быць прыменена адключэнне дзяржбанкаў Беларусі ад сістэмы SWIFT. Гэта самы радыкальны від санкцый, таму ў гэтым пытанні офіс Святланы Ціханоўскай лічыў неабходным правесці апытанне народнай думкі, — адзначыў Алесь Аляхновіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0