3—5 чэрвеня кіраўнік МЗС Ізраіля Авігдор Ліберман наведае Беларусь з рабочым візітам, паведамілі БелаПАН у прэс‑службе ізраільскай дыпмісіі ў Мінску.

На 4 чэрвеня запланавана сустрэча Авігдора Лібермана з кіраўніком беларускага МЗС Сяргеем Мартынавым. Адказу на запыт аб арганізацыі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам пакуль не паступіла.

Раней у прэс‑службе МЗС Ізраіля БелаПАН паведамлялі, што канчатковай інфармацыі аб візіце кіраўніка міністэрства ў Беларусь пакуль няма.

Між іншым, паводле звестак ізраільскай газеты Haaretz за 26 мая, Ліберман прыедзе ў Мінск пасля двухдзённага візіту ў Маскву. У Беларусі таксама запланаваны яго сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства абароны і лідэрамі яўрэйскай абшчыны.

Выданне нагадвае, што менавіта цяперашні кіраўнік МЗС дамогся фінансавання для адкрыцця ў Мінску ізраільскага пасольства ў 2004 годзе.

Дыпмісію тады ўзначаліў Зееў Бен‑Ар’е, які цяпер з’яўляецца дарадцам Лібермана па постсавецкіх краінах.

БелаПАН

Ліберман наведваў Мінск у лютым гэтага года з неафіцыйным візітам адразу пасля выбараў у Кнесет, на якіх яго партыя правага кірунку «Наш дом - Ізраіль» заняла трэцяе месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0