Ілюстрацыя rosbalt.ru

Ілюстрацыя rosbalt.ru

Прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў на пасяджэнні Савета міністраў, на якім падводзяцца вынікі сацыяльна‑эканамічнага развіцця краіны за чатыры месяцы 2009 года, што спад беларускай эканомікі скончыўся і чакаецца аднаўленне тэндэнцыі эканамічнага росту.

Ён адзначыў, што вынікі развіцця эканомікі Беларусі за апошнія 4‑5 месяцаў даюць упэўненасць, што «падзенне зафіксавана і далей будзе рост».

Які гэта будзе рост — «будзе вызначана ў выніку абмеркавання з міністрамі».

Паводле С.Сідорскага, у 2008 г. валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас на 10%, а па выніках 4‑х месяцаў 2009 года — толькі на 1,2% супраць 1,1% за I квартал 2009 года.

Кіраўнік ураду чакае невялікі прырост ВУП за студзень‑травень адносна вынікаў чатырох мінулых месяцаў.

«У кароткія, сціслыя тэрміны мы павінны значна прыбавіць — такую задачу паставіў прэзідэнт», — заявіў С.Сідорскі.

Ён заявіў, што цяпер на замежных рынках склаліся «ўнікальныя магчымасці для эканомікі Беларусі».

Цяпер галоўнай праблемай, паводле С.Сідорскага, з’яўляецца нарошчванне экспарту. Астаткі гатовай прадукцыі ў Беларусі дасягнулі амаль 7 трыльёнаў рублёў. У красавіку яны павялічыліся на 191 мільярд.

«Нам трэба прадаваць больш, чым мы вырабляем» — заявіў С.Сідорскі, паведамляе Радыё Свабода

«Нам не патрэбны рост ВУП, ад якога павялічваюцца складскія запасы», — заявіў віцэ‑прэм’ер Андрэй Кабякоў.

Як зазначыў віцэ‑прэм’ер, у красавіку ў параўнанні з першым кварталам суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці прамысловых прадпрыемстваў павялічыліся на 1,4 працэнтнага пункта і склалі 93,2%.

Разам з тым, паводле слоў Кабякова, акрэслілася станоўчая тэндэнцыя змяншэння запасаў на складах. «Калі за сакавік складскія запасы ўзраслі амаль на 450 млрд. рублёў, то за красавік усяго на 191 млрд. Але гэта не гаворыць пра тое, што мы распрадаём склады. Гэта сведчанне таго, што мы проста сталі менш вырабляць незапатрабаванай прадукцыі», — зазначыў віцэ‑прэм’ер.

Нягледзячы на гэта, падкрэсліў Андрэй Кабякоў, «праблема разгрузкі складоў пакуль не вырашаецца». Найбольшыя цяжкасці са складскімі запасамі ў Мінпрама, «Беллеспаперапрама», «Беллегпрама». «Ніводным з міністэрстваў не забяспечваецца заданне па зніжэнні запасаў гатовай прадукцыі на складах», — зазначыў віцэ‑прэм’ер.

Кабякоў звярнуў увагу на слабую рэалізацыю норм указа прэзідэнта №49 ад 23 студзеня 2009 года. У адпаведнасці з гэтым дакументам усім арганізацыям дадзена права ўстанаўліваць штомесячнае ўзнагароджанне ў залежнасці ад аб’ёмаў продажу, а таксама ўмовы аплаты працы ў залежнасці ад паступлення валютнай выручкі.

«Гэта адна з ключавых антыкрызісных мер, — заявіў віцэ‑прэм’ер. — Але толькі некаторыя арганізацыі скарысталіся нормамі гэтага ўказа, а павінна — уся Беларусь».

«Устанаўленне персанальных умоў аплаты працы за атрыманне валютнай выручкі наогул не атрымала шырокага распаўсюджання», — зазначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго звестак, толькі БМЗ і шклозавод «Нёман» скарысталі права ўстанаўліваць персанальныя ўмовы аплаты працы.

Кабякоў даручыў Міністэрству працы і сацыяльнай абароны разам з міністэрствамі і канцэрнамі ў тыднёвы тэрмін забяспечыць уключэнне норм прэзідэнцкага ўказа ў палажэнні аб аплаце працы кожнай арганізацыі. «Такім чынам мы зможам стымуляваць разгрузку складоў», — лічыць віцэ‑прэм’ер.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0