У ноч на 5 снежня ў Мінску знік 21-гадовы Генадзь Округ: па словах сяброў, выскачыў з кватэры па алкаголь. Праз дзень яго знайшлі мёртвым у пасёлку Сосны ў Мінскім раёне.

Бацькі Генадзя не вераць, што сын мог загінуць выпадкова ці здзейсніць суіцыд.

Генадзь жыў у Мінску год. Ён родам з Пінска, там скончыў школу, пасля адвучыўся ў мясцовым аграрна-тэхнічным каледжы.

«У Пінску працы няма — дакладней ёсць, але заробак 300-400 рублёў. У Мінску ж сын зарабляў больш за 1000, сам сябе забяспечваў. Сястры даваў грошы, у мяне пытаўся: мама, мо табе трэба дапамагчы?

Ён працаваў у лагістычным цэнтры: спачатку ўладкаваўся туды камплектоўшчыкам, пасля яго павысілі да дыспетчара. Я вельмі ганарылася сынам, — расказвае Вольга Округ, мама хлопца. —

Сына цанілі, ён нават у свае выходныя мог з'ездзіць на працу. Але тут вось вырашыў пайсці пагуляць на выходных. Пагуляў…»

З сябрамі Генадзь здымаў двухпакаёўку на Багдановіча. Жылі па два чалавекі на пакой. Разам з Генадзем жыў яго сябар Максім — яны абодва родам з Пінска, сябравалі ўсё жыццё.

У пятніцу, 4 снежня, Генадзь з Максімам пайшлі ў госці да знаёмых дзяўчат на вуліцу Азізава — гэта раён Кіеўскага сквера.

«Прыйшлі да іх проста пасядзець. Трохі выпілі дома, па дарозе купілі яшчэ алкаголь — бутэльку гарэлкі і бутэльку шампанскага, — расказвае Максім. —

Гена асабліва не выпівоха, праблем з алкаголем у яго ніколі не было, ні на якіх уліках ён ніколі не стаяў (тое ж паўтарыла пасля і маці Гены — «НН»).

І ў той вечар: мы выпілі, але не былі вельмі п’яныя. І Генадзь не быў — калі б ён напіўся, то проста пайшоў бы спаць, гэта дакладна.

А тут Гена спытаў у дзяўчат, дзе найбліжэйшы «начнік». Яны патлумачылі, што «начнікоў» на раёне няма, але непадалёку ёсць запраўка. Ніхто яго не прасіў і не ўгаворваў, ён сам сказаў: без праблем, зараз схаджу».

Канфліктаў ніякіх не было, ніхто ні з кім не сварыўся, кажа хлопец.

Недзе праз паўгадзіны Максім з дзяўчатамі захваляваліся.

«Гена выйшаў прыкладна ў 3:30 ночы. У 3:58 я яму набіраў — яго тэлефон знайшоўся дома. У чахле тэлефона была банкаўская картка. Пасля ўжо я ўбачыў, што ён чамусьці пайшоў і без курткі, яна засталася ў кватэры, — кажа Максім. —

Чаму Гена выйшаў без нічога — я не разумею, усю галаву ўжо зламаў, думаючы пра гэта. Але адказу няма.

Яшчэ дзіўны момант: калі Гена прыходзіў з працы і трэба было схадзіць у краму, ён амаль заўсёды прасіў, каб я схадзіў з ім. А тут раптам незнаёмы раён — і ён сам вызваўся пайсці…»

Па словах Максіма, недзе да паловы на шостую ён з сяброўкамі чакаў Генадзя. Пасля проста заснулі.

«Я прачнуўся, праверыў тэлефон Гены: яму ніхто не званіў, паведамленняў не было. Набраў у нашу з ім здымную кватэру: там сказалі, што Гена не прыходзіў. 

Мы не разглядалі варыянт, што ён наткнуўся на некага знаёмага і паехаў кудысьці, бо ў Гены ў Мінску не было сяброў, акрамя нас. Раней ні да каго ён ніколі ў госці не ездзіў. З калегамі ў яго таксама былі не настолькі блізкія адносіны.

Таму мы спадзяваліся, што яго затрымалі.

Я пачакаў яшчэ да вечара і пайшоў у РУУС пісаць заяву аб знікненні чалавека. Затым напісаў сястры Гены», — згадвае хлопец.

«Дачка мне пазваніла позна ўвечары, кажа: мама, Гена знік. Мы з мужам раніцай у нядзелю прыйшлі ў мясцовую пінскую міліцыю, але там сказалі, што калі заяву ўжо падалі сябры Гены, то ад нас нічога не патрабуецца. Маўляў, чакайце, — расказвае Вольга Округ, мама Гены. —

Мы вярнуліся дадому. Я перажывала — і ў панядзелак увечары пазваніла ў пошукавы атрад «Анёл». Мяне выслухалі, адказалі, што на наступны дзень пачнуць пошукі.

Пачыналі пошук з вуліцы Азізава, ад дома, з якога выйшаў Гена. Прыехала туды дачка мая з сябрамі, Максім… Але пошук скончыўся, не пачаўшыся».

Максім распавёў, што калі ён прыехаў у пункт збору, пошукавікі сказалі яму, што ён тут не патрэбны.

«Я зразумеў, што, напэўна, з’явілася нейкая інфармацыя, якая правяраецца. Разам з сябрам я на ўсякі выпадак прайшоў па запраўках на раёне — там дзве, адна бліжэй, адна трохі далей. Мы зайшлі ў абедзве. На кожнай нам казалі, што не бачылі такога хлопца. Камеры нам не паказалі, але пры нас работнікі званілі калегам, якія працавалі ў ноч, калі Гена знік, і пыталіся ў іх. Ніхто нічога не бачыў і не ведаў», — кажа Максім.

Тым часам у Пінску інфармацыю ад сталічнай міліцыі чакала і Вольга Округ:

«Я чакала — але чакаць жа немагчыма. Тады я сама набрала ў Савецкае РУУС Мінска, там адказалі: «Інфармацыя непацверджаная, але, здаецца, ваш сын загінуў, знайшлі цела недзе ў Мінскім раёне. Вам яшчэ патэлефануюць і скажуць больш дакладна».

Я пачала абзвоньваць раённую міліцыю. Дзве гадзіны я сядзела на тэлефоне і ў выніку змагла адшукаць следчага, які займаўся гэтай справай. Следчы пацвердзіў: сына знайшлі мёртвым.

Я спытала ў следчага: дык а чаму мне ніхто нічога не кажа, я ж б’юся, шукаю сына, шукаю хоць нейкую інфармацыю… «Я не ведаю», — такі быў адказ».

Па словах Вольгі, цела яе сына знайшлі яшчэ апоўдні ў нядзелю. Генадзь ляжаў на дарожцы каля звалкі ў пасёлку Сосны — гэта больш за 20 кіламетраў ад дома на вуліцы Азізава.

«Наколькі я ведаю, Гена ляжаў пасярод дарожкі на спіне. Рукі былі раскінутыя, вочы — напалову расплюшчаныя, — кажа Вольга Округ. —

Следчы нам сказаў: ваш сын замёрз.

Але ў мінскім моргу я ўбачыла цела: белы, прыгожы. Слядоў збіцця ці ран я не бачыла. Былі нейкія нязначныя гематомы на твары — і ўсё. Але ён яўна не замёрз!

Я пыталася ў моргу: што з ім здарылася, што магло быць? Але мне адказвалі, што з усімі пытаннямі — да следчых».

Бацькі забралі цела ў Пінск. Там у іх не хапала часу на падрыхтоўку да пахавання, таму цела паклалі на суткі ў мясцовы морг.

«І тут мясцовыя санітары сказалі, убачыўшы цела: ён не замёрз. Яны патлумачылі, што калі людзі замярзаюць, цела сінее ці чарнее і робіцца «дубовым». Хутчэй за ўсё, сына знайшлі вельмі хутка пасля смерці, ён яшчэ не паспеў астыць, сказалі нам у моргу.

Мы папрасілі санітараў агледзець цела, яны пры нас яго паварочвалі. У Гены згіналіся рукі і ногі — па словах санітараў, гэта значыла, што труп знайшлі свежым.

На твары ў сына быў злева сіняк, на лбе — драпіна. Але гэта не нейкія жорсткія траўмы, ён памёр ад чагосьці іншага. У пасведчанні аб смерці прычыну не напісалі. Вынікі экспертыз будуць недзе праз месяц».

«Следчы нам казаў: Генадзь замёрз, справу будзем закрываць. Але ад той кватэры на Азізава да месца, дзе знайшлі труп — кіламетраў 20 па прамой, а насамрэч яшчэ больш. Як ён туды дабраўся ў адной байцы? Дайсці туды проста пехатою ён не мог. Ды і ў Соснах тых у яго няма знаёмых. Дзе мой сын правёў гэтыя паўтара сутак?» — задаецца пытаннямі Міхаіл Округ, бацька Генадзя.

«Следчы сам кажа: я не разумею, як ваш сын туды трапіў. Я яму параіла: дык паглядзіце камеры, гэта Цэнтральны раён, няўжо там нідзе не будзе відаць? Хоць у які бок ён пайшоў ці ў якую машыну сеў? Я разумею, што дзіця не вярнуць. Але хаця б зразумець, што здарылася. Пакуль жа ў нас уражанне, што следчыя нічога не хочуць, жаданне толькі адно — спусціць справу на тармазах», — кажа мама хлопца.

І яна, і сябар Генадзя не вераць, што гэта магло быць самагубства.

«Я суіцыд выключаю. Я бачыла сына ў сітуацыях, калі ён вельмі перажываў, напрыклад, калі загінуў яго сябар. Але ён ведаў, што заўсёды з любой праблемай можа прыйсці да нас, і разам мы знойдзем выхад. І ён быў такім чалавекам, які б не зрабіў з сабой нічога, у гэтым я ўпэўненая», — кажа Вольга.

«Я яму самы блізкі сябар — ніякіх сакрэтаў ён ад мяне не меў. І я таксама выключаю, што Гена мог штосьці прыняць, каб пайсці з жыцця, — кажа яго сябар Максім. — У яго былі планы, на працы было таксама ўсё ў парадку. На наступны дзень мы з Генам збіраліся ехаць па пакупкі: ён хацеў купіць ноўтбук і новы тэлефон, яму ўжо ўзгаднілі крэдыт у банку. Усё было добра».

Сур’ёзных праблем са здароўем Гена не меў, запэўнівае яго маці.

«У сына была адтэрміноўка ад войска: былі праблемы з капілярамі на холадзе, рукі хутка сінелі і пачыналі трохі трэсціся. У астатнім ён быў здаровы. Я не магу ўявіць, што здарылася. Але не веру, што ён сам пайшоў кудысьці за 20 кіламетраў. Ён не быў настолькі п’яны», — кажа Вольга Округ.

Можа быць, гэта нейкі крымінал, мяркуе яна.

«Але незразумела: што і як адбывалася з сынам? Дзе ён правёў апошнія 33 гадзіны?

Я дапускаю, што могуць быць замяшаныя і… скажам так, структуры. Калі санітары мелі рацыю, цела сапраўды не счарнела і не пасінела — то яго, выходзіць, трымалі недзе ў цяпле? Дзе і хто можа трымаць чалавека?» — пытаецца маці.

«Наша Ніва» звярнулася ў Следчы камітэт па афіцыйны каментар па справе.

«Цела хлопца было знойдзена 6 снежня ў пасёлку Сосны непадалёк ад Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў. Па дадзеным факце праводзіцца праверка, — паведаміла Алена Крупеніна, афіцыйны прадстаўнік СК па Мінскай вобласці. — Праверка пакуль не скончаная: высвятляюцца ўсе факты і абставіны здарэння, прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы. Папярэдняя прычына смерці — пераахалоджванне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0