Яшчэ ў 2019 годзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў шчаслівая сям’я датэрмінова ішла на выбары ў поўным складзе: міністр Ігар Карпенка, сын Лёша, нявестка і ўнучка.

Але выбары-2020 сталі кропкай незвароту. Нявестка Юля асудзіла фальсіфікацыі і гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў, а яе муж Лёша з бацькам адстойвалі пралукашэнкаўскую пазіцыю.

Юлія нават сышла з дзяржаўнага тэлебачання: яна раней працавала на БТ. Пасля пачала пісаць і здымаць для праекта «Імёны». Жыць пад адным дахам з такімі рознымі ўяўленнямі пра гэта жыццё пара не змагла. Праўда, невядома, ці падалі яны на развод.

Разыходжанне ў поглядах маладых праявілася нават у сацыяльных сетках, калі Аляксей «прыляпіў» да аватаркі налепку з чырвона-залёным сцягам, а Юлія — з бел-чырвона-белым.

«Наша Ніва» спрабавала атрымаць каментар у сям’і Карпенкаў па тэме сямейнага канфлікту. Ні Аляксей, ні яго бацька не адказалі на званкі. А пасля паведамленняў у сацыяльных сетках Аляксей увогуле выдаліў свае старонкі ў фэйсбуку і інстаграме.

Юлія таксама публічна не каментуе сітуацыю. Ці змогуць маладыя сысціся зноў і ўрэгуляваць канфлікт, невядома.

 

Фота з сацыяльных сетак

Гэта ўжо не першы разлад у сям’і праз сітуацыю ў краіне. Не так даўно мы пісалі пра спецназаўца, ад якога сышла жонка, якая стала ахвярай цкавання.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?