15 снежня ў Радашковічах (Маладзечанскі раён) гарэла кватэра. Эвакуацыю жыхароў арганізаваў пажарны, які вяртаўся дадому з сям’ёй у выходны дзень, піша Рэгіянальная газета.

Загаранне выявіў адзін з жыхароў пад’езда, які аказаўся начальнікам пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі №2 Маладзечаншчыны Уладзіслаў Паўловіч. Паўловіч арганізаваў эвакуацыю жыхароў дома і паведаміў пра пажар у службу МНС.

Уладзіслаў Паўловіч расказаў, што ў яго быў выходны дзень. Ён вяртаўся з сям’ёй з прагулкі.

— Адчыніў дзверы пад’езда, убачыў задымленне. Я паднімаўся па лесвіцы на верхні паверх, стукаў у дзверы ўсіх кватэр і прасіў жыхароў тэрмінова пакінуць жыллё. Паралельна паведаміў пра сітуацыю калегам па тэлефоне.

Да прыбыцця пажарных Паўловіч шукаў кватэру, у якой адбыўся пажар. Гэта была 2-пакаёвая кватэра на першым паверсе.

— У жылым памяшканні было вельмі моцнае задымленне. Прыйшлося прыкласці пэўныя намаганні, каб гаспадар пакінуў памяшканне і не вяртаўся ў яго да прыбыцця выратавальнікаў.

У выніку пажар пашкодзіў мэблю, засталіся закураныя сцены і столь у адным з пакояў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0