Старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель назваў прычынай смерці Аляксандра Тарайкоўскага тое, што ён «выйшаў — і нахабна стаіць перад міліцыяй, мэтанакіравана». Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з работнікамі «Гродна Азота» 17 снежня. Словы кіраўніка КДБ выклікалі абурэнне ў зале.

Вось што даслоўна сказаў Іван Церцель.

«Вакол паводзін сілавых структур дастаткова шмат міфаў, фэйкаў, абстаноўка нагнятаецца адмыслова. Сярод вас, мабыць, ёсць знаёмыя, якія пацярпелі, мабыць, такія моманты ёсць. Таварыш Тараўноўскі ці Тарайкоўскі ў Мінску загінуў.

Але хто бачыў гэтыя здымкі — бачыў, што чалавек стаіць перад АМАПам, выйшаў — і нахабна стаіць перад міліцыяй (абурэнне ў зале). Ён стаіць мэтанакіравана.

Прабачце мяне, хто быў у Злучаных Штатах? («Там свабодны продаж зброі» — рэпліка з залы). Спыняецца машына, што ты павінен зрабіць? Рукі пакласці на руль. Калі ты рукі не паклаў на руль, што з табой зробяць? Прыстрэляць на месцы. (Уся зала: «Няпраўда!») Вы паглядзіце, як праходзяць акцыі ў Берліне. Усё дастаткова па законе», — падсумаваў старшыня КДБ.

Дэманстрант Аляксандр Тарайкоўскі загінуў у Мінску каля метро «Пушкінская» 10 жніўня. МУС паведаміла, што ў яго ў руцэ была выбуховая прылада, але пазней былі апублікаваныя шматлікія відэа, дзе відаць, што ў яго ў руках нічога не было, ён проста выйшаў і стаяў перад шэрага спецназа раскінуўшы рукі. Ён стаіць у белай майцы, куля прылятае яму ў грудзі.

Усяго за час пратэстаў у Беларусі загінулі або былі знойдзеныя нежывымі як мінімум 5 дэманстрантаў, больш за 1600 заявілі пра катаванні ў РУУСах і турмах, больш за 1400 чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу. Ніводная крымінальная справа па гэтых фактах заведзеная не была, у тым ліку і па факце гібелі Тарайкоўскага, карціна смерці якога ясна аднаўляецца па відэа.

Пратэсты ў Беларусі шуганулі пасля выбараў 9 жніўня. Цэнтрвыбаркам заявіў, што на іх перамог Аляксандр Лукашэнка, набраўшы 80% галасоў, аднак гэта не супадала з вынікамі пратаколаў на многіх участках. Сілавікі пры гэтым масава затрымлівалі і выдваралі з участкаў назіральнікаў, што выклікала татальны крызіс даверу да ўладаў.

Глядзіце таксама: Фільм пра гібель Тарайкоўскага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0