Адмовіцца ад падпіскі на «Брэсцкую газету» на першае паўгоддзе 2021 года папрасіў чытачоў галоўны рэдактар выдання Віктар Марчук. Тых, хто ўжо падпісаўся, ён папрасіў яе ануляваць у найбліжэйшы час. У сваім звароце галоўны рэдактар падкрэсліў, што просьба гэтая «вельмі дзіўная» для незалежнага друкаванага СМІ, але «сітуацыя вымушае», піша Tut.by.

У лісце да чытачоў Віктар Паўлавіч патлумачыў, што ў тых умовах, у якія сёння спрабуюць паставіць «БГ», рэдакцыя не ўпэўненая, што зможа выканаць свае абавязацельствы перад падпісантамі.

«Удакладню: тое, што тычыцца падрыхтоўкі папяровай версіі газеты да друку, мы, безумоўна, зробім. Але паміж рэдакцыяй і чытачамі ёсць некалькі звёнаў аднаго ланцуга. Перш за ўсё — гэта друкарня і пошта. Як паказваюць апошнія падзеі, кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў сёння, мякка кажучы, не вельмі зацікаўлены ў тым, каб вы атрымлівалі «БГ», як і раней», — напісаў галоўны рэдактар.

Віктар Паўлавіч нагадаў, што пасля 18 гадоў супрацоўніцтва «Брэсцкая друкарня» без тлумачэння прычын адмовілася з Новага года друкаваць газету. Зараз калектыў рэдакцыі працуе над рашэннем гэтай праблемы:

«Пакуль варыянтаў, дзе мы маглі б друкаваць «БГ», не баючыся, што з намі не робяць такі ж фокус, у нас няма. Рэч у тым што друк газет у Беларусі — гэта асаблівая прэрагатыва. У цэлым, дзяржманаполія. Ліцэнзіі на аказанне такіх паслуг маюць дзяржаўныя друкарні. За вельмі рэдкім выключэннем. А, як паказвае сітуацыя з «БГ» і шэрагам іншых друкаваных выданняў, у гэтай сферы законы эканомікі, рынку, ды і проста здаровы сэнс не заўсёды працуюць належным чынам. Такія асаблівасці цяперашніх беларускіх рэалій».

Да студзеня газета будзе друкавацца ў «Брэсцкай друкарні». Аднак раней прадпрыемства ў аднабаковым парадку змяніла час друку накладу «БГ», перамясціўшы з 9.00 на 15.00. Пры гэтым па дамове з «Белпоштай» наклад выдання павінен быць здадзены ва ўчастак па апрацоўцы і абмене пошты па чацвяргах не пазней за 15.00.

«Але як мы можам здаць наклад газеты ва ўчастак у абумоўлены ў дамове час, калі чарговы нумар у 15.00 толькі пачынаюць друкаваць? Вельмі відавочная часовая нестыкоўка (або стыкоўка) атрымалася, каб быць выпадковасцю», — падкрэслівае Віктар Марчук.

Падпісваць з рэдакцыяй дадатковае пагадненне, якое прадугледжвае перанос здачы накладу на больш позні час, кіраўніцтва Брэсцкага філіяла «Белпошты» адмовілася. Сёння ў выдання няма гарантый, што ў 2021 годзе падобная практыка не паўторыцца.

«Мы не ўпэўненыя, што зможам забяспечыць выкананне ўмоў, прапісаных у дамове з «Белпоштай» А значыць, ёсць рэальная пагроза ўжывання ў дачыненні да рэдакцыі «БГ» фінансавых санкцый, разрыву дамовы і самае непрыемнае — невыканання абавязацельстваў перад падпісантамі. У такі капкан ужо трапіла «Народная Воля». Таму, узважыўшы ўсе за і супраць, мы прыйшлі да рашэння адмовіцца ад паслуг «Белпошты» па падпісцы на першае паўгоддзе 2021 года» — напісаў галоўны рэдактар.

Апавяшчэнне пра гэта выданне накіравала ў Белпошту 17 снежня.

«Калі вы ўжо падпісаліся на месяц, квартал або першае паўгоддзе 2021 года, калі ласка, анулюйце падпіску ў самы бліжэйшы час.( … ) Дзякуй за тое, што былі з намі! Спадзяемся, што большасць з вас застанецца з вашай любімай газетай і ў наступным годзе. Праўда, цяпер трэба будзе купляць яе ў розніцу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0