Фота ЗааЛіда

Фота ЗааЛіда

Выратаванае нядаўна з калодзежа ў Лідзе кацяня назвалі Дзімкам — у гонар яго галоўнага збаўцы. Жывёліну паднялі з 7-метровай глыбіні. Падрабязнасці kp.by распавяла валанцёр мясцовага руху «ЗааЛіда» Лідзія Кандратовіч:

— У той дзень адна з медработніц ішла са змены і пачула ў калодзежы на тэрыторыі бальніцы мяўканне. Звярнулася да свайго кіраўніцтва, але там вырашылі, што МНС на такі выклік не паедзе, на тым усё і скончылася. Неабыякавая жанчына распавяла каляжанцы, а тая патэлефанавала валанцёру Марыне Халявінскай. Тады ўжо яна, са свайго тэлефона, патэлефанавала ў МНС і асабіста папрасіла хлопцаў дапамагчы выратаваць кацяня.

Сустракала ратавальнікаў Лідзія, каб паказаць той самы калодзеж:

— У гэты момант падышоў мужчына, рабочы ў бальніцы, і сказаў, што кацяня пішчыць там ужо тры дні… Мужчына сказаў, што работнікі зазірнулі ў калодзеж, убачылі, што той глыбокі, і зразумелі, што дастаць жывёлу не змогуць. Так і пакінулі.

Па словах Лідзіі, кацяня было ў калодзежы амаль цалкам у вадзе — толькі пярэднімі лапамі абапіралася на смецце унізе, і нічога не ела

— Дах калодзежа не здымаецца — прыйшлося лезці ў яго праз вузкія дзверы. Хлопцы спусціліся на трасах і дасталі кацяня. Мы агледзелі небараку: у яго інфекцыя і траўмаваныя заднія лапы, моцнае знясіленне і пераахаладжэнне, — дадала Лідзія.

Яна завезла кацяня ў клініку: калі лапкі адновяцца, то на лячэнне ад інфекцыі пойдзе каля тыдня. А калі прыйдзецца лячыць лапкі — каб яны не адмовілі, то часу спатрэбіцца значна больш.

Зараз Дзімка мае патрэбу ў ператрымцы, новым доме і аплаце лячэння і знаходжання ў стацыянары.

— Вялікая падзяка хлопцам 1-й варты ПАВЧ-1 Лідскага РАНС: начальніку варты Дзмітрыю Галубовічу, а таксама Валерыю Невяроўскаму, Андрэю Вербелу і Дзмітрыю Гемзу. Дзякуй, што не адмовілі ў дапамозе! — дзякуюць валанцёры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?