24 снежня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь і адразу ж скіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Мінску, каб асабіста выказаць падзяку за вяртанне Папу Францішку і яго прадстаўніку ў нашай краіне апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу, паведамляе catholic.by.

«Якія неспасцігальныя прысуды Бога і нязведаныя шляхі Ягоныя!… Гэтыя словы святога апостала Паўла прыходзяць на думку, калі пасля амаль што чатырох месяцаў прымусовай адсутнасці і немагчымасці здзяйсняць пастырскую дзейнасць у Беларусі я нарэшце зноў знаходжуся на радзіме. Ва ўзросце амаль што 75 гадоў я нечакана для сябе апынуўся ў складанай сітуацыі, якую ўспрымаю як чарговы досвед Божага Провіду і як свой жыццёвы крыж», — сказаў сёння Тадэвуш Кандрусевіч

«Аднак свет не без добрых людзей. Сёння хачу выказаць глыбокую падзяку ўсім, хто мяне падтрымліваў і маліўся аб хутчэйшым вяртанні ў гэты нялёгкі час выпрабаванняў. А такіх было шмат: знаёмых і незнаёмых, веруючых і няверуючых, проста людзей добрай волі»

Іерарх падзякаваў Папе Францішку і Дзяржаўнаму сакратарыяту Святога Пасаду. «Папа і яго бліжэйшыя супрацоўнікі кардынал П’етро Паралін, арцыбіскупы Пол Рычард Галахер і Антоніо Меніні, а таксама апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і Спецыяльны Пасланнік Пантыфіка арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прыклалі шмат намаганняў для станоўчага вырашэння праблемы майго вяртання ў Беларусь з Польшчы», — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч

Таксама ён падзякаваў біскупам Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму, святарам, кансэкраваным асобам і вернікам за намаганні і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртання.

«З удзячнасцю прымаю рашэнне дзяржаўных уладаў, якое дазволіла вярнуцца на радзіму і займацца духоўным кіраўніцтвам даручанымі маёй пастырскай апецы вернікамі. Сваё служэнне наступніка апосталаў у Беларусі прысвячаў, прысвячаю і буду прысвячаць духоўнаму адраджэнню і ўмацаванню веры ў маёй Бацькаўшчыне, а таксама кансалідацыі нашага грамадства шляхам мірнага вырашэння праблем, якія ўзнікаюць», — сказаў ён..

***

А 19-й і 21-й гадзіне Тадэвуш Кандрусевіч адправіць святочныя перадкалядныя службы.

Нагадаем, што 31 жніўня Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з Польшчы. Пазней Лукашэнка сказаў, што іерарх атрымліваў у Польшчы інструкцыі. 22 снежня Уладзімір Макей заявіў, што Лукашэнка даручыў знайсці вырашэнне сітуацыі. У той жа дзень пасольства Ватыкана атрымала інфармацыю аб адсутнасці перашкод для вяртання ў Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0