12 снежня Святлану Ч. затрымалі проста ў пад’ездзе. Святлана — мама Сяргея Міронава, аўтара культавай прамовы пра «хлопотное дельце» і «ганяць ва ўсю моц».

Пасля затрымання быў РАУС, Акрэсціна, суд — і жанчына другі раз за месяц трапіла на суткі. Гэтым разам ёй прысудзілі 12 дзён.

24 снежня Святлана вызвалілася і распавяла «Нашай Ніве» пра сябе і свае прыгоды.

Чытайце таксама:

«Бастовать — хлопотное дельце». Што вядома пра хлопца, які затроліў міліцыю ў культавым відэа і атрымаў 15 сутак

Маму Сяргея «Хлопотное дельце» Міронава другі раз за месяц адправілі на суткі. Цяпер — за сцяг у акне

«Выглядае, што мяне сапраўды чакалі ў той дзень. Бо я выйшла з кватэры з сабакам — і ў пад’ездзе стаяць двое, адзін, здаецца ў форме. Кажуць: хто гаспадар кватэры? Адказваю, што я.

Пытаюцца: што за сцяг у вас вісіць? Я кажу: гэта ў мяне шторка, калі вам не падабаецца яе колер, то дайце грошы і я куплю іншую.

Я насамрэч думала зняць той сцяг. Але рукі не даходзілі: прыхварэла, пасля два дні ляжала пластом, а на наступны дзень мяне якраз і затрымалі, — прызнаецца Святлана Аляксееўна. —

Ну і мы выйшлі на вуліцу з тымі міліцыянтамі. Я іх папярэдзіла — у мяне каранавірус».

«Карону», мяркуе Святлана, яна падхапіла падчас першай адседкі на сутках. Бо выйшла з-за кратаў якраз за 5 дзён да новага затрымання.

«Чаму я мяркую, што ў мяне быў кавід: дзяўчаты, з якімі я сядзела ў першы раз, па выхадзе зрабілі тэсты, у іх паказала, што хворыя.

Ну і я калі прыхварэла, то пайшла да доктара, ён паведаміў: у вас вострая рэспіраторная інфекцыя, а аналіз дорага каштуе, ды і навошта вам ведаць, карона тое альбо не.

Тэмпературы ў мяне не было, але два дні было цяжка, я проста ляжала. Пасля на кароткі тэрмін знік нюх», — тлумачыць жанчына.

Пасля папярэджання пра карону міліцыянты кудысьці пазванілі, згадвае Святлана, а затым скамандавалі: заводзьце сабаку і паехалі.

Жанчына адвяла сабаку ў кватэру, пасля чаго Святлану адвезлі ў РУУС, узялі тлумачэнні.

«Пратакол склалі за сцяг. Пасля трое сутак на Акрэсціна, суд, затым адвезлі ў Баранкі. Усё па шаблоне.

Ставіліся да мяне нармальна. Можа, бо жанчына, то трохі ёсць паслабленні.

У РУУСе я папярэдзіла, што хварэю — але ж бальнічны не брала, бо пенсіянерка, тэст мне таксама не рабілі… Таму рэакцыі не было.

На Акрэсціна і ў Баранавічах сядзела з нармальнымі сукамерніцамі. Нас адмыслова не мучылі. Ну так, спаць нельга, карыстацца матрацамі ўдзень нельга, уначы святло не выключаюць — але ж гэта ім, напэўна, прыходзяць такія дырэктывы, я так разумею, гэта ініцыятывы не назіральнікаў. А ў цэлым было цярпіма.

Адзін быў момант, але не з намі: мы пачулі крыкі «На калені! Мордай у падлогу!» і ўдары. Пасля ўжо да нас дайшлі чуткі, што гэта за тое, што нехта прыкурыў ад кіпяцільніка, але наколькі гэта праўда, я не ведаю».

Святлана трапіла за краты другі раз за месяц, правёўшы на волі менш за тыдзень. Але, кажа, другі раз сядзець і не цяжэй, і не лягчэй.

«Я займалася ў маладосці турызмам, на байдарках сплаўлялася, хадзіла ў паходы. Для мяне адседкі не сталі асаблівай нейкай траўмай, — кажа Святлана Аляксееўна. — Тым больш маё знаёмства з сілавікамі і іх сістэмай адбывалася паступова.

Спачатку мяне прыхапілі на Грушаўцы, але там жанчын адпусцілі, забралі толькі мужчын. Пасля мяне забралі на Жаночым маршы, адвезлі ў Партызанскае РУУС — але там было ўсё вельмі міла, нас згрузілі ў актавую залю, мы сядзелі з жанчынамі, гутарылі, хіхікалі. Усім прынеслі перадачы — але пасля адпусцілі. Склалі пратаколы, у выніку быў суд, але маю справу адправілі на дапрацоўку, а там і два месяцы прайшлі.

Ну і затым мяне затрымалі 22 лістапада. Гэта было ўжо пасля мітынгу: моладзь разбеглася, а я пераходзіла дарогу. Стала на астравок бяспекі на праезнай частцы, і на мяне едзе машына ДАІ. Кажуць: адыходзь! Я адказваю: не адыду, бо чырвонае!

Ну і пасля я перайшла на іншы бок дарогі, там пасварылася з амапаўцамі, чый бусік на мяне ледзь не наехаў. Едуць і крычаць: адыдзіце! Я крычу: Куды вы працеся?

Пайшла далей і чорт пацягнуў мяне пайсці на прыпынак праз шэраг амапаўцаў. І там адзін з іх крычыць: гэту затрымайце, яна дарогу перагароджвала! Ну і забралі мяне.

Але тое быў не першы кантакт з сілавікамі, таму адчувала сябе спакойна. Страшна не было.

Ці не шкадую пра гэтыя затрыманні і адседкі? Можа, шкадую, бо глупа праз такія дробязі садзіцца: калі ўжо садзіцца, то за штосьці сур’ёзнае.

Што буду далей рабіць, я пакуль не ведаю. У чым-небудзь удзел прыму, гэта дакладна».

Святлана распавяла і пра сваё стаўленне да папулярнасці сына.

«Калі яго забралі тады, канечне, я хвалявалася. Я з ім неяк на Марш хадзіла — ведаеце, гэта такі жах… Бяжыць сын, за ім АМАП, за АМАПам — я, думаю, як дагнаць і неяк спыніць, каб не білі сына.

Бо тое, што яму дадуць 15 сутак, я не баялася, баялася, што будуць біць. Бо розныя выпадкі ёсць, — тлумачыць Святлана. — Пры маім мінулым затрыманні я сама бачыла ў Ленінскім РУУСе: нас трымалі ў гаражы, і адзін хлопец там стаяў проста босы. У яго былі рукі за спінаю звязаныя сцяжкамі, на спіне намаляваны крыж, і ён стаяў проста босы на халоднай падлозе таго гаража. Яму затрыманыя дзяўчаты адзелі на ногі рукавіцы і абвязалі пакетамі, пасля гэтага хлопца адным з першых вывелі. Далейшы лёс яго не ведаю: чула, што яго адшукалі на Акрэсціна і ён нібыта быў у парадку.

Таму вось такога я баялася, калі затрымалі сына. Але калі я ўбачыла відэаролік з яго «прызнаннем», то зразумела, што з Сяргеем усё нармальна.

Нічога супраць яго папулярнасці я не маю. Але, можа быць, цяпер трохі не той час для такой папулярнасці? Я прасіла знаёмых асабліва не распаўсюджвацца пра Сяргея, але мне адказалі, што працэс ужо не спыніць. Ну, прыйшлося змірыцца і супакоіцца.

Трохі, можа, і прыемна. Папулярнасць пайшла на карысць яшчэ і тым, што Сяргею пачалі паступаць прапановы аб працы і вучобе.

«Ён займаецца цяпер з нейкім хлопца з Варгеймінга, я яшчэ не паспела з ім абгаварыць гэта ўсё нармальна. Ну і дай Божа — бо з працы Сяргей звольніўся. «Інтэграл» — так сабе праца, але калісьці я дапамагла Сяргею туды трапіць, калі ён вылецеў з універа, бо раней сама на «Інтэграле» працавала. Ну і Сярожа неяк там затрымаўся, а цяпер вось нарэшце сышоў, — кажа Святлана Аляксееўна.

Сама яна ўжо на пенсіі. Пенсія невялікая — 370 рублёў, але, кажа, спраўляецца.

«Пасля «Інтэграла» я працавала ў аптовым гандлі, бо муж быў навуковым супрацоўнікам і на той момант яго заробак быў зусім малы. Трэба было неяк круціцца.

Цяпер я жыву за пенсію, але я не бедны чалавек, калі што. Ёсць маленькая заначка, дый спрабую неяк зарабляць. Пасля смерці мужа я адкрыла невялікую інтэрнэт-краму па продажы самакатаў (дзіцячых, да электрычных мой бізнэс дарасці так і не паспеў). Але яе прыйшлося прыкрыць. Бо толькі я вывела тую краму ў нуль, як пачаўся каранавірус. Сярожа мне сказаў: мама, ты ў групе рызыкі, спыніся пакуль. Ну я і спынілася.

А пасля пайшла ў назіральнікі, затым выбары, ну і пачалося… Пакуль, карацей, дзейнасць крамы я спыніла».

У назіральнікі, кажа Святлана, пайшла ў асноўным таму, што была не за кагосьці, а супраць аднаго канкрэтнага кандыдата.

«Я была назіральніцай у школе, у дзень галасавання я расклеіла ўлёткі з назвай артыкула КК, які парушаюць члены камісіі. Мяне не пасадзілі, але выгналі, — пасміхаецца Святлана Аляксееўна. — Што да кандыдатаў — галасавала за Ціханоўскую, бо яна абяцала правесці новыя сумленныя выбары. Галасавала так, бо адзін з кандыдатаў быў мне вельмі і вельмі несімпатычны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0