Арцём Шрайбман

«Мы неадэкватна ацэньвалі сталасць беларускага грамадства»

У 2020 годзе мы адкрывалі для сябе новую Беларусь і беларусаў. І самай пазітыўнай з’явай года аналітык называе відавочны палітычны ўздым.

— Масавасць беларускіх пратэстаў, якія ўзніклі ў Беларусі яшчэ да выбараў, уражвае. Усё гэта ў пераліку на працэнт насельніцтва, уцягнутага ў працэсы, у разы большае, чым тое, што адбывалася ў краінах-суседках. Нават там, дзе рэвалюцыі перамагалі. Мы недастаткова ацэньвалі сталасць беларускага грамадства. Яно ў нас вельмі моцна перарасло сваю ўладу: улада адстала, і гэта вельмі добры сімптом.

Разам з гэтым год быў драматычным у колькасці рэпрэсій, адміністрацыйных арыштаў, забойстваў, паламаных лёсаў, у бясконцай хвалі беззаконня.

— Тое, што людзі праводзяць месяцы ўдалечыні ад сваіх сямей, тое, што Ігар Лосік не пачуў, як загаварыла яго дачка. Тое, што дзяўчаты з Задзіночання беларускіх студэнтаў сядзяць у СІЗА замест таго, каб вучыцца… За ўсім гэтым сумна назіраць. Гэта жудасна. Але калі разважаць чыста гістарычна, я упэўнены: усе гэтыя чалавечыя ахвяры здароўем і свабодай, яны будуць нямарныя, — лічыць Арцём. — Усё гэта — унёсак у мадэрнізацыйны скачок. Прычым калі я маю на ўвазе не мадэрнізацыю прадпрыемстваў, а палітычнай сістэмы. Усе народы плацяць за гэта свой кошт. Нехта казаў, што беларусам лёгка дасталася наша незалежнасць. Ну, вось цяпер мы за яе плацім. 

«Рэвалюцыя не скончаная» 

Дзяржаўныя СМІ разам з чыноўнікамі штодзень (і ўжо не першы месяц) паўтараюць: пратэст здзьмуўся, ён існуе толькі ў тэлеграм-каналах, рэвалюцыя прайграла. Але эксперт з гэтым не згодны.

— Каб адказаць, прайгралі мы ці не, варта задаць удакладняючыя пытанні: як мы глядзім на сітуацыю — як на лакальны выбух народнага гневу з дасягненнямі мэт, якія людзі паставілі перад сабой на нейкі кароткі перыяд, ці як на глабальны гістарычны працэс? З першага пункту гледжання рэвалюцыя, безумоўна, не змяніла ўладу і прайграла ў 2020 годзе. Але ці азначае гэта, што яна скончаная? Не. У гісторыі нямала прыкладаў, калі рэвалюцыйныя змены прыходзілі хвалямі. Гісторыя Расійскай імперыі маляўніча пра гэта сведчыць — рэвалюцыя 1905 года была відавочным уступам да таго, што пасля адбылося ў 1917-м. Падобнае здарылася ў Польшчы, дзе прафсаюз «Салідарнасць» падняў першую хвалю пратэстаў у 80-х. Потым быў перыяд рэакцыі, закручвання гаек, надзвычайнага становішча (гэта нечым падобна да нашай траекторыі, дарэчы). І пасля прыйшла другая хваля, якая знесла камуністычную Польшчу і яе ўрад. Улічваючы, што сёння час ляціць куды хутчэй, чым у пачатку 20 стагоддзя і нават чым у 80-я, нашы працэсы, адпаведна, будуць развівацца куды больш імкліва. Тым больш у беларускага рэжыму куды менш грошай. 

Шрайбман упэўнены: падзеі 2020 года ў любым выпадку скарацілі тэрмін знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе: 

— Усе падзеі-2020-га ўвойдуць у гісторыю як тое, што пусціла кар’еру Лукашэнкі пад адхон.

«Беларускае грамадства не захацела ахвяраваць людзьмі, і гэтым паказала сваю сталасць» 

Днямі ў СМІ з’явілася ананімная гутарка з чалавекам з унутраных войскаў, які сярод іншага адзначыў, што, калі б пратэстоўцы даціснулі ў жніўні-верасні, то ўсё магло б змяніцца хутчэй. Такіх меркаванняў нямала. Але Шрайбман лічыць наадварот: тое, што грамадства не пайшло на правакацыі і масавыя ахвяры — гэта прызнак сталасці беларусаў.

— Такія рэжымы, як беларускі, як паказвае гісторыя, не падаюць без вялікай крыві. Беларусь — не рэжым Віктара Януковіча і Сержа Саргсяна, Эдуарда Шэварднадзэ… Гэта не мяккі постсавецкі клептакратычны алігархічны рэжым, дзе можна будаваць палітыку на барацьбе кланаў ці парламенцкай апазіцыі. Наш рэжым адразу задае такую планку гвалту, дзе магчымая вялікая колькасць ахвяр. І я не ўпэўнены, што ў беларускім грамадстве ў прынцыпе ёсць гатоўнасць да такіх ахвяр у імя ідэалаў. Тое, што беларусы не апусціліся на той узровень супрацьстаяння і гвалту, які прапанавала ім улада, шмат кажа пра наш народ. Наша грамадства паказала сябе як сталае, цывілізаванае, для якога каштоўнасць жыцця — перадусім.

«У пратэстаў ёсць шанец перамагчы ў наступным годзе»

На думку аналітыка, пратэст можа перамагчы ў 2021-м пры некалькіх умовах: непадтрымка з боку Расіі і новыя памылкі самой сістэмы.

— Дастаткова было б, каб Лукашэнку пазбавіла дапамогі хаця б Расія, каб там у адносінах да Беларусі занялі больш нейтральную пазіцыю. Тады наменклатура не зможа быць упэўненай у заўтрашнім дні. Пратэст можа перамагчы і інакш — праз спробы ўлады правесці нейкія касметычныя рэформы, праз якія яна згубіць кантроль. Замяшчэння Лукашэнкі Каардынацыйнай радай можа не адбыцца ні ў наступным годзе, ні ў прынцыпе. А вось пытанне адхілення яго ад улады, у тым ліку пад ціскам пратэстаў, можа быць вырашанае ўжо ў наступным годзе. Важным фактарам тут будзе эканомічны стан і новыя памылкі ўлады. Мы з вамі ацэньваем сітуацыію статычна, не ўлічваючы, колькі яшчэ памылак можа нарабіць улада, калі знаходзіцца ў такім стане, калі і легітымнасці няма, і дыпламатычная ізаляцыя цісне. Гэта сітуацыя сама па сабе правакуе не самы кампетэнтны рэжым на новыя памылкі.

Спадзявацца, што Беларусі дапамогуць санкцыі і выключна нейкія знешнія сілы, дакладна не варта.

— Санкцыі амаль ніколі не мянялі рэжымы, — адзначае Шрайбман. — Яны маглі толькі скарэктаваць курс некаторых палітыкаў. Гэта было і ў Беларусі, калі Лукашэнка вызваляў палітзняволеных. Цяпер мэта сусветнай супольнасці — транзіт улады, але прамых рычагоў ціску на Лукашэнку ў Захаду сёння амаль няма. З іншага боку, санкцыі робяць Беларусь максімальна таксічнай для бізнэсу, для міжнародных арганізацый, і такім чынам краіна становіцца даражэйшай для Расіі. Павялічваецца кошт, які Маскве трэба плаціць за падтрымку гэтай улады.

«Нам трэба дасягнуць дна»

Правіла пра самую цёмную ноч перад світанкам распаўсюджваецца і на палітыку. Суразмоўца ўпэўнены: гэты світанак чакае беларусаў. Пытанне — калі?

— Калі мы будзем на нейкім дне, калі мы яго дасягнём, адтуль толькі адзін шлях — наверх. Ëсць ліміт тым рэпрэсіям і жорсткасці, якія могуць адбывацца ў краіне. Пасля перавышэння ліміту прыходзіць, перш-наперш, стомленасць дзяржаўнай машыны. Сённяшняя сітуацыя — вельмі дарагая для ўлады, таму я думаю, што сам апарат будзе імкнуцца знайсці з яе нейкі выхад. А якраз пошукі выхадаў могуць прывесці да новых памылак, да дэстабілізацыі сістэмы. Менавіта ў гэтым я бачу святло ў канцы тунэля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?