Архіўнае фота, kupalauski.by

Архіўнае фота, kupalauski.by

У Купалаўскім тэатры адбыўся перадпрэм'ерны закрыты паказ спектакля «Паўлінка». Пра гэта Tut.by паведамілі некалькі не звязаных паміж сабой крыніц.

У прэс-службе Купалаўскага паведамілі, што ў іх няма інфармацыі аб такім паказе. Паводле іх слоў, асобныя структурныя падраздзяленні Тэатра працягваюць заставацца на прастоі.

Са старой трупы на сцэну выйшлі літаральна некалькі чалавек. Астатнія акцёры набраныя ў Купалаўскі праз кастынг.

Прычым сёння, 28 снежня, адбыўся ўжо не першы перадпрагляд. Перад гэтым паказ «Паўлінкі» прайшоў 26 ці 27 снежня.

Як адзначаў яшчэ 14 снежня міністр культуры Анатоль Маркевіч, гаворка ідзе пра «новую версію знакамітага спектакля «Паўлінка».

Па інфармацы Tut.by, гаворка — пра тую ж версію спектакля, што ў мінулым сезоне паказваўся ў Купалаўскім. Апошні раз касметычную рэдакцыю спектакля ўжо ў 2010-я гады ажыццяўляў рэжысёр Мікалай Пінігін. Па адной версіі, акцёры, што засталіся ў трупе, самі ўводзілі новых калегаў у пастаноўку. Па іншай, з імі ўсё-такі працаваў нейкі рэжысёр. Але хто менавіта, пакуль невядома.

На сайце Купалаўскага тэатра адсутнічае якая-небудзь інфармацыя аб прэм'еры «Паўлінкі», квіткоў у продажы няма.

Нагадаем, што асноўная частка трупы Купалаўскага сышла з тэатра ў жніўні ў знак пратэсту супраць звальнення дырэктара тэатра Паўла Латушкі і агульнай сітуацыі ў краіне. На гэты момант са старога складу засталося ўсяго 12 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0