У нядзелю 27 снежня ў Мінску затрымалі 25-гадовага Аляксея Адамовіча. Ён ехаў на ровары дадому з спаборніцтваў па плаванні. Яго жонка Карына распавядае, што ровар — асноўны від транспарту Аляксея, ён ездзіць на ім і зімой, і летам. Аляксей — трэнер па трыятлоне і настаўнік у школе, піша kp.by.

Фота з інстаграма kari.mali

Фота з інстаграма kari.mali

Каля 12 гадзін ён выехаў з працы, прыкладна ў гэты час тэлефон Аляксея стаў недаступны. Карына кажа, што такое здараецца добра калі раз у год, таму расхвалявалася. Тады дзяўчына спадзявалася, што тэлефон яе мужа проста адключыўся ад марозу. Пазней яна даведалася, што муж у міліцыі.

— Мне патэлефанавалі з Маскоўскага РУУС і сказалі, што муж затрыманы, мне тэлефануюць па ягонай просьбе. Я спытала пра прычыну затрымання, расплакалася. «Ну, ён ехаў у горадзе на ровары. Артыкул 23.34, у гугле паглядзіце, што гэта», — так мне адказалі.

Карына паспела перадаць у РУУС цёплыя рэчы і абутак для мужа — яго затрымалі ў велаформе.

«Стаяў на ходніках з роварам і выкрыкваў «Жыве Беларусь», «Сыходзь» і яшчэ нешта»

Суд па гэтай справе адбыўся сёння, 28 снежня. Працэс вяла суддзя Таццяна Пірожнікава. З Аляксеем звязаліся па скайпе. Ён распавёў, што ехаў дадому з працы на ровары. Лозунгі не выкрыкваў, у пікетаванні ўдзелу не прымаў. На пешаходным пераходзе яго спынілі сілавікі ў чорнай форме і адвялі ў бус.

Сапраўдныя імёны міліцыянтаў, якія выступаюць у судах па такіх справах, ужо некалькі месяцаў засакрэчваюць. Так было і сёння — каб высветліць асобу сведкі, суддзя зрабіла гэтую частку працэсу закрытай — усе выйшлі з залы. Для прысутных сведку назвалі Іванам Івановым. Мужчына сказаў, што працуе ў Маскоўскім РУУС. 27 снежня ён з калегамі патруляваў вуліцы горада, бо з'явілася інфармацыя, што ў гэты дзень пройдзе акцыя пратэсту.

- Ён (Аляксей Адамовіч) стаяў на тратуары з роварам і выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!», «Сыходзь» і яшчэ нешта. Было прынята рашэнне затрымаць.

Ровар Аляксея Адамавіча цяпер у РУУС. На ім, як кажа сведка, былі стужачкі бел-чырвона-белага колеру.

«Вырашыў захаваць на відэа момант затрымання чалавека»

Затрыманне Аляксея на відэа зняў мянчук, які ў той момант быў непадалёк. Сёння ён выступаў у судзе сведкам.

— Два цёмна-сінія мікрааўтобусы спыніліся на скрыжаванні Алібегава-Рафіева. З гэтых мікрааўтобусаў выбеглі людзі ў цёмным адзенні, схапілі Аляксея і павялі яго ў салон аўтамабіля. Ніякага масавага мерапрыемства ў тым месцы не было. У гэты момант быў зялёны сігнал святлафора, і людзі пераходзілі дарогу. Былі адзін-два чалавекі, якія пераходзілі пешкі, і вось Аляксей — на ровары.

— З якой мэтай вы праводзілі відэазапіс? — пытаецца суддзя.

— Каб захаваць на відэа момант выкрадання чалавек. Я ўбачыў, што мужчыну, які рухаецца на ровары, адвялі ў мікрааўтобус. Я вырашыў, што гэта выкраданне.

У перапынку людзі, якія прыйшлі падтрымаць Аляксея, чытаюць навіны і абмяркоўваюць працэс:

— О, асудзілі людзей, якія зладзілі прабежку ў касцюмах Дзядоў Марозаў.

— Мяне судзілі пяць хвілін. Гэты суд ужо амаль гадзіну ідзе.

«Была надзея, што справу спыняць, але яна згасла»

Адвакат Аляксея Адамовіча адзначыў, што ў матэрыялах справы шмат супярэчнасцяў і парушэнняў. У пратаколе вопісу няма ні сімволікі, ні стужачак, там не пазначаны нават ровар.

Суддзя прызначыла Адамовічу 10 сутак арышту.

У Аляксея і яго жонкі двое дзяцей, малодшаму — 5 месяцаў. Карына, жонка Аляксея, пасля заканчэння працэсу распавяла, што спакойная толькі вонкава.

— Тры ночы да затрымання Лёшы ў нас дрэнна спалі дзеці, сёння я паспала дзве гадзіны з перапынкамі, нічога не ела. Гэта проста такое напружанне.

Яна пракаментавала словы сведкі з міліцыі аб тым, што на ровары Аляксея былі стужачкі, а сам ён выкрыкваў лозунгі.

— Я веру мужу, і калі ён казаў, што ён гэтага не рабіў, значыць не рабіў. У мяне была надзея, што справу спыняць, бо было вельмі шмат нестыковак. І відэа затрымання мы далучылі, і сведка быў. Але надзея згасла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?