У судзе Вілейскага раёна 29 снежня абвешчаны прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Сысуну, якога абвінавацілі ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», паведамляе Вясна.
Справу разглядала суддзя Таццяна Борыс, бок абвінавачвання прадстаўляла пракурор Вераніка Занковіч.
З матэрыялаў справы вядома, што Андрэй Сысун, дзейнічаючы па папярэдняй змове ў складзе групы, позна вечарам 14 верасня ажыццявіў псаванне маёмасці, якая знаходзіцца на балансе Вілейскага ЖКХ - жылога дома па вуліцы Гарадзішчанская 9, дзвярэй пад’езда, тратуарнай пліткі на пешаходнай дарожцы, а таксама лесвіцы ў пад’ездзе і электрычных шчыткоў.
Псаванне выявілася ў нанясенні надпісаў «Жыве Беларусь!», «Лука, сыходзь!» і «3%». Матэрыяльная шкоду ацанілі на суму 167 рублёў, а самі надпісы неўзабаве зафарбавалі.
Андрэй Сысун віну падчас суда прызнаў цалкам.
Пракурор Вераніка Занковіч запрасіла для абвінавачанага Сысуна 3 месяцы арышту.
Андрэй Сысун адмовіўся ад выступу ў спрэчках і ад апошняга слова.
Суддзя Таццяна Борыс абвясціла прысуд: тры месяцы арышту.