Статкевіч, Казулін... Хто наступны кандыдат Анатоля Ляўковіча (зьлева) і Ўладзімера Нісьцюка?
Фота Юліі Дарашкевіч
Ходзяць упартыя чуткі, што асобныя кіраўнікі БСДП(Г) пачалі пошукі новага лідэра партыі, бо ня маюць надзеі на хуткае вызваленьне Аляксандра Казуліна з-за кратаў.
Перамовы ідуць з «палітычна блізкім» лідэрам – кіраўніком Партыі камуністаў Беларускай Сяргеем Калякіным, якому пагражае значнае скарачэньне, калі не суцэльнае закрыцьцё партыі пасьля аб’яднаўчага зьезду ПКБ і КПБ.
Другім прэтэндэнтам на пасаду старшыні партыі называюць экс-міністра замежных справаў Пятра Краўчанку. У сярэдзіне 90-х ён ужо ўваходзіў у сацыял-дэмакратычную партыю і быў сябрам яе фракцыі ў ВС.
Самым жа нечаканым прэтэндэнтам на крэсла старшыні выглядае першы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Сініцын: у 2001 г. ён ужо рабіў спробу вярнуцца ў беларускую палітыку, вылучыўшыся на прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак хутка зьняў сваю кандыдатуру й вярнуўся ў Расею, дзе цяпер мае бізнэс, зьвязаны з гандлем мэталам.