Мужчына, збіты ў жніўні 2020 года, калі людзі патрабавалі свабодных выбараў з сумленным і празрыстым падлікам галасоў.

Не менш за 66 чалавек былі затрыманыя ў Беларусі з 21 да 30 снежня па палітычных матывах. Столькі імёнаў ведаюць праваабаронцы. Перад Новым годам рэпрэсіўная машына збавіла абароты, аблаў было менш (на папярэднім тыдні былі затрыманыя 323 чалавекі, два тыдні таму — 381 чалавек, тры тыдні таму — 433 чалавекі). Затое вялікую долю сярод затрыманых складаюць фігуранты крымінальных спраў.

Такім чынам, як падлічыла «Наша Ніва», агульная лічба затрыманняў за час пратэстаў дасягнула як мінімум 32 084.

Варта адзначыць, што гэтая лічба далёка не поўная. Затрыманых столькі, што ўлічыць усіх немагчыма. Нават агульная колькасць людзей, арыштаваных па крымінальных справах, пакуль дакладна невядомая, бо іх вельмі шмат.

Больш за 900 чалавек (спіс па спасылцы няпоўны, праваабаронцы задакументавалі толькі тых людзей, хто сам пра сябе паведаміў або чые сваякі паведамілі) праходзяць па крымінальных артыкулах

— ад Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі да журналістак Кацярыны Барысевіч і Кацярыны Андрэевай і рабочых Жлобінскага металургічнага завода, дзе крымінальную справу завялі за забастоўку.

Агулам вядомых крымінальных спраў больш за 900. Не менш за 320 прадпрыемстваў і бізнэсаў трапілі пад эканамічныя рэпрэсіі за падтрымку пратэстаў.

На мінулым тыдні, акрамя Мінска, затрымлівалі людзей таксама ў Гатаве і Ляскоўцы (Мінскі раён), Брэсце, Салігорску, Светлагорску, Смалявічах, Оршы, Маладзечне, Слоніме, Віцебску, Драгічыне, Лідзе.

У Оршы адбыўся ператрус у пенсіянеркі Лідзіі Паповай. На яе за абразу ў сацыяльных сетках заяву напісала дырэктарка школы №21 Таццяна Аланцьева. Пенсіянерка зрабіла рэпост пра Аланцьеву, а цяпер на яе заведзеная крымінальная справа.

Пяць чалавек арыштаваныя па справе «Прэс-клуба».

У Маладзечне затрымалі трох чалавек у межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК): бацька і сын Сідаровіч Ігар і Сідаровіч Сяргей, а таксама дзяўчына Сяргея Эліна Карыцька. Усе ўзятыя пад варту на 72 гадзіны, ва ўсіх быў ператрус, забралі тэхніку.

На 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы за падпал шынаў на аўтадарозе Баранавічы-Ваўкавыск 24 снежня ў Слоніме былі затрыманыя Аляксандр Янкоўскі, Андрэй Уласаў, Віктар Эдэр і Дзмітрый Занёманскі. Яны былі змешчаныя ў ІЧУ г. Слоніма.

У Мядзелі ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да мясцовага актывіста Станіслава Таспаева. Яго падазраюць у паклёпе (арт. 188 Крымінальнага кодэкса).

Гэта самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 40 гадоў.

Для параўнання: калі б у прапорцыі на душу насельніцтва столькі ж людзей затрымалі ў Расіі, гэта склала б 480 000. Калі б ва Украіне ці Польшчы — 130 тысяч.

Чытайце таксама: «Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць». У інтэрнэце з'явіўся запіс з выказваннямі пра Ціханоўскага. Голас падобны да Караева

Чытайце таксама: «Каб выбары прайшлі сумленна, гэтага б нічога не было». Судзяць паштарку, якая распаўсюдзіла асабістыя звесткі пра міліцыянераў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?