Візіт расійскага прэм'ера са світай 28 траўня ў Мінск стаў для гаспадароў цяжкім выпрабаваннем. Пакуль Лукашэнка з Пуціным абменьваліся банальнасцямі на тэму «саюзнага будаўніцтва», галоўным ньюсмейкерам у кулуарах стаў расійскі віцэ-прэм’ер Аляксей Кудрын.

Усё пачыналася прыгожа. Беларускі афіцыйны лідэр у лепшых традыцыях інтэграцыйнай рыторыкі выказаў перад тэлекамерамі спадзеў, што ягоная размова з Пуціным акажацца «карыснай ды прадуктыўнай» і, канечне ж, прасуне пабудову «саюзнай дзяржавы».

Але тым часам у кулуарах сябар і паплечнік Пуціна Аляксей Кудрын зладзіў для беларускага начальства халодны душ. Віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў Расіі выдаў прэсе некалькі сакрэтаў. Высветлілася, што Мінск просіць у Масквы крэдыт на 9 мільярдаў долараў пад АЭС. Акрамя таго, беларускае кіраўніцтва адмовілася браць апошнюю траншу ранейшага крэдыту (паўмільярда долараў) расійскімі рублямі. Бач ты, маўляў, яшчэ і носам круцяць, хаця самі казалі, што да зарэзу патрэбны расійскія рублі ва ўзаемаразліках!

І ўжо зусім як нож востры была заява Кудрына, што да канца года Беларусь можа стаць неплацежаздольнай.

«Мы можам сутыкнуцца з неплацежаздольнасцю беларускага ўрада і увогуле эканомікі ў звязку з недастатковасцю золатавалютных рэзерваў, магчыма, нават пры канцы года сёлета, а можа праз год», — сказаў Кудрын.

З яго слоў вынікае, што ні 500 мільёнаў апошняй траншы, ні тым болей 9 мільярдаў Масква даваць не спяшаецца. Пазіцыю Мінска Кудрын без эківокаў назваў утрыманскай. Ён разбіў у пух «беларускую мадэль» за анахранізм і адсутнасць сапраўдных рэформаў.

Дадамо: тэма замежнай запазычанасці для беларускага кіраўніцтва надта адчувальная. Ад электарату усяляк утойваюць, колькі ўжо нахапалі крэдытаў, каб заткнуць фінансавыя дзіркі. Лукашэнка ні словам не згадаў пра гэта ў нядаўнім пасланні народу і парламенту. Калі Масква пачне мэтанакіравана круціць кружэлку «Вашы фінансы спяваюць рамансы», то ўтойваць шыла ў мяху стане значна цяжэй.

Заявы Кудрына выглядаюць як адказ на артпадрыхтоўку, што вёў перад візітам Пуціна беларускі бок, вінавацячы Маскву ў блакаванні супольнага антыкрызіснага плана ды невыкананні іншых саюзніцкіх абяцанняў эканамічнага кшталту (памятаеце: «Дык нашто нам гэта інтэграцыя?»). Падтэкст маскоўскага адказу просты: маўчыце ў анучку, вы ж без пяці хвілін банкруты!

Як заўжды ў стасунках між Масквой і Мінскам, тут змяшаны ў адным флаконе эканоміка і палітыка. Расія хоча адхвастаць не толькі за ўтрыманскія замашкі ды кінутыя напярэдадні камяні ў гарод Пуціна, але яшчэ і за гулі з Еўропай ды непрызнанне каўказскіх рэспублік.

Зрэшты, пасля такіх выхаваўчых захадаў Крэмль звычайна дабрэе і нешта дае. Усё ж страшнавата страчваць апошняга хаўрусніка, хай сабе і даволі слізкага.

Цікава, якія козыры выкладзе зараз на стол Лукашэнка? Дарэчы, сённяшнія падзеі яскрава ілюструюць, нашто яму спатрэбіўся еўрапейскі вектар. Уявім сабе, што было б, калі б паводле парад некаторых стратэгаў-максімалістаў Еўразвяз аднавіў бы сцяну блакады. Прыперці беларускае начальства да гэтай сценкі для Крамля тады — толькі справа тэхнікі.

Сочым за развіццём сюжэту. Яшчэ не вечар.

Пуцін і Кудрын. ©РІА Навіны

ЗЫ. Увечары стала зразумела, што Пуцін з Кудрыным разыгралі схему добрага і злога следчых. На выніковай прэс-канферэнцыі расійскі прэм'ер патэтычна заявіў, што Расія заўсёды падставіць плячо. Сказаў, што Беларусь будзе плаціць за газ мяккую сярэднегадавую цану. Паабяцаў прадоўжыць крэдытную падтрымку. Ну а Кудрына назваў лібералам і даў зразумець, што той, магчыма, трохі перагнуў кій.

Напружаныя перамовы заклятых хаўруснікаў скончыліся, такім чынам, ледзьве не на ідылічнай ноце. Якая нікога не можа ўвесці ў зман.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?