27 мая ім прад`яўлена абвінавачанне ў злосным хуліганстве.

11 лістапада 2008 года Бараўлянскім аддзелам УУС Мінскага райвыканкама была распачата справа па ч. 2 арт. 346 Крымінальнага кодэкса (здзек з гісторыка-культурных каштоўнасцей) да двух непаўналетніх мінчан, затрыманых увечары 1 лістапада 2008 года на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці I катэгорыі «Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты» і падазраваных у знішчэнні памятных крыжоў.

11 студзеня 2009 года следчы Бараўлянскага аддзела Мінскага РУУС Алена Хільчук спыніла крымінальны пераслед падазроных, матывуючы сваё рашэнне тым, што доказаў, атрыманых у ходзе расследавання, недастаткова для перадачы справы ў суд і прыцягнення да крымінальнай адказнасці маладых людзей — навучэнцаў школы і прафтэхвучылішча.

У канцы студзеня намеснік пракурора Мінскага раёна Эрнэст Кайро прызнаў «незаконным і неабгрунтаваным» рашэнне А.Хільчук аб спыненні крымінальнага пераследу маладых людзей, а таксама аб прыпыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе з-за таго, што не ўстаноўлена асоба, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанага. 29 студзеня крымінальная справа з указаннямі была накіравана ў Мінскае РУУС для дадатковага папярэдняга расследавання. З 28 лютага справу вядзе следчы С.Булко.

Паводле яго слоў, паколькі знішчаныя памятныя крыжы не адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей, справа была перакваліфікавана і маладым людзям прад`яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства), якая прадугледжвае арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго года да шасці гадоў.

Трэба адзначыць, што ўпершыню за многія гады следства прад`явіла абвінавачанне канкрэтным асобам, падазраваным ва ўчыненні актаў вандалізму ў Курапатах.

Цяпер па гэтых фактах расследуюцца тры крымінальныя справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?