«Таварыш Жукаў, ці даводзілася вам катацца на ролікавых лыжах?» Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Можа, хто ня ведае: сучасныя традыцыі сьвяткаваньня Дня незалежнасьці былі закладзеныя ў ліпені 1944-га.

2 ліпеня 1944 г. Стаўка Вярхоўнага камандуючага. 13.05.

– Выклікалі, таварыш Сталін? – Жукаў зазірнуў у кабінэт.

– Праходзьце, Георгі Канстанцінавіч.

Акрамя Кобы, у пакоі за сталом сядзелі Берыя і Ракасоўскі. Жукаў паказаў Берыі язык: у маршала была алергія на ружы, якія разводзіў Берыя, за што, дарэчы, кіраўніку НКВД у Крамлі далі мянушку «рэвалюцыя ружаў».

Між тым, зацягнуўшыся піпкай, бацька ўсіх народаў прыжмурыў вока і спытаў:

– Таварыш Жукаў, ці даводзілася вам катацца на ролікавых лыжах?

– Не зразумеў, таварыш Вярхоўны камандуючы.

– Справа ў тым, што войскі Чырвонай Арміі вось-вось вазьмуць Менск, сталіцу БССР. Ёсьць думка, што жаўнеры мусяць увайсьці ў горад на ролікавых лыжах.

– А на фіга?

Берыя падскочыў:

– Таварыш Сталін, дазвольце я яго прама тут шлёпну. Гэта ж тыповая контра – левы кулак.

– Ня мысьліце стратэгічна, таварыш Жукаў. Калі-небудзь вайна скончыцца. Трэба ўжо сёньня думаць над традыцыямі сьвятаў савецкіх беларусаў, што і як яны будуць адзначаць гадоў гэтак праз 60. Таму мы тут накідалі праграму сьвятаў вызваленьня – «Пока мы едины, мы непобедимы!».

– А-а-а, – дайшло да Жукава.

Сталін працягваў:

– Ролікі для таго, каб вызваленьне набыло нейкі яскравы сымбаль. Мы думалі спачатку ўвайсьці ў Менск на белых вярблюдах. Эфэктна, згадзецеся, але тэхнічна прасьцей – ролікі. Дзякуючы ролікам, рытуалам сьвяткаваньня 3 ліпеня абавязкова стане лыжаролерная эстафэта сярод камандаў наркаматаў. Дарэчы, трэба, каб першым у вызвалены Менск увайшла рота Вярхоўнай стаўкі. Гэта закладзе традыцыю – у эстафэце перамагае толькі каманда кіраўніка дзяржавы. Інакш народ не зразумее, як гэта на такім важным спаборніцтве раптам перамагла каманда Замкомпамордзе (намесьнік камісара па марскіх справах. – ЛВ). Што там яшчэ, Берыя?

– Прымусовая яўка ад школаў і прадпрыемстваў.

– Цудоўная традыцыя. Аднагалосна зацьвярджаем. Далей.

– Раздача стужачак і кепак зь дзяржаўнай сымболікай. Вось фасон.

Патрыятычная кепка ўяўляла сабою шапку цырыманіяльнага брытанскага гвардзейца з чырвона-зялёным ківэрам, зробленую з футра мядзьведзя.

– Ня пойдзе. Футра мядзьведзя – гэта валюта. Зрабеце нешта накшталт амэрыканскай бэйсболкі. Лепш нават з паперы. Далей.

– Парад мацярок і немаўлят. Ужо ідуць рэпэтыцыі. Перагледзьце асабістыя справы кандыдатаў.

З фатаграфіяў на Сталіна глядзелі дзіцячыя фізіяноміі. Ён зірнуў на іхнія прозьвішчы: Лябедзька, Вячорка, Мілінкевіч, Казулін, Севярынец, Дубавец, Фядута, Паўлічэнка.

– Ведаеце, Берыя, нешта не падабаюцца мне гэтыя тыпажы. А што калі той Паўлічэнка вырасьце і стане паэтам-фармалістам кшталту Мандэльштампа? Давайце зробім так: парад немаўлят абвесьцім, а напярэдадні скасуем. Няхай гэта будзе таксама традыцыяй. Ці ўсё зразумела, таварыш Жукаў?

– Так!

– Тады ідзеце...

Выходзячы з кабінэту, Жукаў яшчэ раз паказаў Берыю язык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?